Алесь Бяляцкі папрасіў перадаць сваю кнігу беларускім настаўнікам

10.07.2013

Калі вы настаўнік і хочаце атрымаць кнігу «Асвечаныя беларушчынай», лістуйце на nastaunik.info@gmail.com !

«Я хачу сваіх «Асвечаных беларушчынай» перадаць Таварыству беларускай школы для бясплатнай раздачы настаўнікам», – напісаў з вязніцы Алесь Бяляцкі – літаратуразнаўца, які праз сітуацыю ў краіне стаўся абаронцам правоў чалавека і праз гэта трапіў у лік палітвязняў.

«Асвечаныя беларушчынай» – кніга эсэ і нарысаў пра літаратуру і пісьменнікаў, якую Алесь Бяляцкі дапісваў ужо за кратамі. Частка твораў, размешчаных у гэтай кнізе, друкавалася ў часопісах «Дзеяслоў», «Маладосць», а таксама ў штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва».



«Кніга, падрыхтаваная за кратамі, знаёміць чытача з Алесем Бяляцкім – удумлівым гісторыкам літаратуры, схільным да псіхалагічных рэканструкцый, тонкім літаратурным крытыкам і эсэістам, які здолеў працягнуць сваю літаратуразнаўчую дзейнасць нават у нечалавечых умовах, што створаныя ў беларускіх турмах», – піша ва ўводзінах да выдання укладальніца і рэдактар Паліна Сцепаненка.