Гімназія імя пісьменніка

23.07.2013

Вадзім Жылко

Мікашэвічы, што ў Лунінецкім раёне, не без падстаў называюць нярэдка «горадам гранітаздабытчыкаў», паколькі тут размешчана буйное прадпрыемства па здабычы шчэбеню «Граніт». Летась большасць незалежных СМІ так ці інакш закранала тэму незалежнага прафсаюза, які быў створаны на «Граніце» і тут жа падпаў пад ціск уладаў.

Але Мікашэвічы – гэта не толькі прамысловыя гіганты. Ёсць тут і цікавы культурны «пласт», у тым ліку звязаны са сферай адукацыі, найперш з мясцовай гімназііяй.

Мікашэвіцкая гімназія, утвораная ў 1999 годзе, з сярэдзіны 2000-х гадоў носіць імя Уладзіслава Нядзведскага (1929–73), свайго былога земляка, беларускага паэта і празаіка. Больш за дзесяцігоддзе ў навучальнай установе існуе музейная экспазіцыя, прысвечаная пісьменніку, а некалькі гадоў назад была ўрачыста адкрыта мемарыяльная шыльда ў гонар Уладзіслава Іосіфавіча. Адна з новых вуліцаў Мікашэвічаў носіць імя Нядзведскага.

Чым заслужыў паэт такую пашану і як ягоны лёс звязаны з Мікашэвічамі? Нарадзіўся Уладзіслаў у цяперашнім Салігорскім раёне, але тыя мясціны «пры Польшчы» належалі да Лунінецкага павета. У вайну ад рук фашысцкіх карнікаў загінула ўся ягоная сям’я, апрача малодшай сястры Віні. Пасля вызвалення Беларусі ад фашыстаў брат і сястра трапілі ў Мікашэвіцкі дзіцячы дом. У Мікашэвічах прайшло юнацтва будучага пісьменніка, тут ён рабіў першыя крокі ў творчасці. А пазней, ужо сталым літаратарам, прысвяціў пасляваенным Мікашэвічам шэраг сваіх вершаў і аповесць «Хлопцы з другога корпуса».

У свой час аўтар гэтых радкоў, працуючы ў Лунінецкім раённым краязнаўчым музеі, падрыхтаваў на аснове юнацкага дзённіка Уладзіслава Нядзведскага, іншых дакументаў і кніг пісьменніка нарыс «Размова з прысутнымі» – аб юнацтве і маладых гадах будучага літаратара. Нарыс не аднойчы друкаваўся ў СМІ, выйшаў асобнай брашурай ў Лунінцы.

Пасля знаёмства педагогаў і вучняў з гэтым творам калектыў гімназіі на чале з дырэктарам Сяргеем Пятровічам Высоцкім і тагачасным намеснікам дырэктара Галінай Паўлаўнай Сыцэвіч распачаў працу па ўвекавечанні памяці земляка. Вынікам сталі ўжо згаданыя экспазіцыя, мемарыяльная шыльда і наданне навучальнай установе імя Нядзведскага.

А яшчэ штовосень у гімназіі ладзяцца літаратурна-музычныя вечарыны памяці Ул.Нядзведскага. Кожны раз прыязжаюць на іх вядомыя беларускія творцы. Некаторыя ведалі Нядзведскага асабіста. Так, за мінулыя гады выступалі ў гімназіі Ніл Гілевіч, Генадзь Бураўкін, Вольга Іпатава, Ніна Мацяш, Васіль Жуковіч, Леанід Дранько-Майсюк, Эрнест Ялугін, Васіль Зуёнак, Сяргей Законнікаў, Віктар Казько, Віктар Карамазаў, Мікола Пракаповіч, Уладзімір Мароз, Анатоль Зэкаў, Зіновій Прыгодзіч, Алесь Камоцкі, Эдуард Акулін і інш. Пагадзіцеся, што не кожная нават сталічная гімназія можа ганарыцца такой колькасцю вядомых гасцей. Справа ў тым, што даўнім сябрам Мікашэвіцкай гімназіі з’яўляецца бібліятэчны і выдавецкі работнік з Мінска Людміла Несцяровіч, якая і арганізуе творчыя вандроўкі на Палессе для мінскіх літаратараў.

У мінулым навучальным годзе адбылася чарговая вечарына, гасцямі якой сталі намеснік старшыні Саюза беларускіх пісьменнікаў, паэт і бард Эдуард Акулін і бард Таццяна Беланогая. Абодва, дарэчы, былі ў гімназіі не ўпершыню. Апрача выступаў гасцей, увазе прысутных была прапанавана кампазіцыя па жыцці і творчасці Ул.Нязведскага, у тым ліку гімназісты выканалі песні на ягоныя словы і на музыку педагога-арганізатара Вольгі Вішняк. Як і штогод, былі вызначаны лаўрэаты прэміі імя Ул.Нядзведскага за лепшыя дасягненні ў галіне мастацкага слова – на гэты раз імі сталі гімназісты Настасся Дзедзіна, Мацвей Касцюкевіч, Аляксандра Ярмольчык, Ганна Кумейка, Настасся Меркушава і Настасся Ерамеевіч.