Сёння ў Польшчы – супольны Дзень пратэсту настаўнікаў

12.09.2013

Дадатковых сродкаў на адукацыю, спынення ліквідацыі школ і адмовы ад масавых звальненняў настаўніка дамагаецца настаўніцкая «Салідарнасць» – польскі прафсаюз, які зарганізаваў настаўнікаў на сённяшнюю супольную маніфестацыю перад будынкам Міністэрства нацыянальнай адукацыі. Сярод патрабаванняў удзельнікаў акцыі – карэктаванне адукацыйный рэформы.

Маніфестацыя Секцыі нацыянальнай асветы і выхавання «Салідарнасці» адбываецца ў рамках агульнапольскіх Дзён пратэсту, якія будуць працягвацца да 14 верасня. 

«Адукацыя – каштоўнасць усёй нацыі і яе трэба ўспрымаць не як радок бюджэту, а як важныя і неабходныя інвестыцыі ў будучыню маладога пакалення. Мы не можам дазволіць, каб недальнабачныя і непрадуманыя змены вялі да далейшага зніжэння якасці навучання», – напісалі настаўнікі ў петыцыі да міністра адукацыі Польшчы Крыстыны Шуміляс.

«Петыцыю мы вывесім на плоце, бо пані міністр яе інакш не прачытае», – кажа старшыня настаўніцкай «Салідарнасці» Рышард Прокса.



Цяжкі стан польскай адукацыі, на думку актывістаў, з’яўляецца наступствам прапанаваных польскім урадам і прынятых парламентам зменаў у адукацыйным праве. Змены ў законах і абумоўленыя гэтымі зменамі распараджэнні Міністэрства нацыянальнай адукацыі прывялі, як сцвярджае прафсаюз, да масавай ліквідацыі школ. Працяг цяперашніх рэформаў пагражае: «зніжэннем якасці адукацыі; навучальнай і грамадскай сегрэгацыяй вучняў у сувязі з прыватызацыяй школ; далейшым абмежаваннем ролі педагага; дыскрэдытацыяй прэстыжу настаўніцкай прафесіі», – пішуць прадстаўнікі прафсаюза.

У сувязі з вынікамі даследаванняў часу настаўніцкай працы, праведзеных Інстытутам адукацыйных даследаванняў, прадстаўнікі прафсаюза імкнуцца змяніць змест настаўніцкіх абавязкаў такім чынам, каб працоўны тыдзень педагога не перавышаў 40 гадзін.



Дэманстрацыя, у якой удзельнічаюць больш за 500 асобаў, павінна, як кажуць прадстаўнікі прафсаюза, нагадаць грамадству пра шкодную палітыку ўраду.

Акрамя транспарантаў, удзельнікі прынеслі маскі з абліччам міністра адукацыі Крыстыны Шуміляс, польскія і прафсаюзныя сцягі, барабаны і свісцёлкі.

Агульнапольскія Дні пратэсту будуць працягвацца да суботы 14 верасня. У пятніцу мяркуюцца дэбаты і г.зв. вольная трыбуна для арганізацый і асобаў, якія падтрымліваюць пратэст. Кульмінацыяй пратэстаў мае стаць вялікая суботняя маніфестацыя.


З нагоды Дня пратэсту польскім настаўнікам выказалі сваю салідарнасць калегі з Францыі, Балгарыі, Арменіі, Літвы, а таксама Еўрапейскі камітэт прафсаюзаў адукацыі.

Паводле rp.pl , polskatimes.pl