У Светлагорску звольнілі з працы настаўніцу года

06.09.2014

 

gomelcivil.org

У сярэдняй школе № 10 г. Светлагорска звольнілі з працы Алену Маслюкову, якая сёлета была прызнана лепшай настаўніцай Светлагорскага раёна. У мінулым навучальным годзе ёй уручылі грамату Гомельскага абласнога ўпраўлення адукацыі, а цяпер не працягнулі кантракт, нават не даючы магчымасць выпусціць свой 11 клас.

Аб гэтым распавёў на старонцы ў сацыяльнай сетцы Віктар Раманцоў, жыхар Светлагорска і колішні калега А. Маслюковай.

А. Маслюкова закончыла гісторыка-філалагічны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта, а да таго – сярэднюю школу № 7 (зараз гімназія) Светлагорска. Працаваць у школе на педагагічнай працы пачала яшчэ да паступлення ва ўніверсітэт. Цяпер мае вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю, якую паццвердзіла летась. У кастрычніку мінулага году А. Маслюкова за высокія вынікі ў працы была ўзнагароджана граматай Гомельскага абласнога упраўлення адукацыі.

Настаўніца года

Сёлета ў лютым у Светлагорску праходзіў фінал раённага конкурса прафесійнага майстэрства "Настаўнік года". Школа № 10 вылучыла на конкурс А. Маслюкову. Вялікая заля Дома культуры энергетыкаў не ўмясціла усіх, хто прыйшоў падтрымаць фіналістаў. Многія вучні-дзесяцікаласнікі А. Маслюковай, у якіх яна была класным кіраўніком, паўтары гадзіны стаялі ў фае, імкнучыся быць побач са сваёй настаўніцай у гэтай падзеі.

Усе ўдзельнікі конкурсу паказалі высокія вынікі, а першае месца і званне "Настаўнік года" журы прысудзіла А. Маслюковай. Ёй і ўручылі конкурсны дыплом І-ай ступені, які падпісала начальнік раённага аддзела адукацыі Людміла Вялічка.

Звальненне

Паводле звестак Светлагорскага райаддзела адукацыі, за ўсе гады працы ў А. Маслюковай не было ніводнага спагнання. Калі пачалі праводзіць школьныя алімпіяды па гісторыі, пад яе кіраўніцтвам была сфарміравана першая каманда Гомельскай вобласці на рэспубліканскую алімпіяду. Па выніках працы настаўніца неаднойчы была адзначана заахвочваннямі і ўзнагоджаннямі. Не так даўно яна была сярод педагогаў Светлагорска, пра якіх пісала "Настаўніцкая газета".

А па заканчэнні мінулага навучальнага года дырэктар школы Драпеза Людміла Якаўлеўна без тлумачэння прычын паведаміла аб тым, што ў верасні настаўніца будзе звольнена ў сувязі з заканчэннем тэрміну кантракта. Дарэчы, на працу ў СШ-10 А. Маслюкова пераходзіла ў свой час менавіта па запрашэнню кіраўніцтва гэтай школы. Раней яна працавала ў светлагорскай СШ-1, а да таго – у філіяле Нацыянальнага дзяржаўнага гуманітарнага ліцэя імя Я. Коласа, які дзейнічаў у 1993 – 2001 гг.

У школе вядома, што А. Маслюкова ўздымала пытанні аб вялікай "папяровай" працы, якую даручаюць педагогам, казала пра тое, што на настаўнікаў узвальваюць неўласцівыя ім функцыі, адмоўна ставілася да прымусовай падпіскі на дзяржаўныя газеты. Ці не гэта стала прычынай звальнення? На пытанне настаўніцы аб тым, ці з'яўляецца звальненне ініцыятывай дырэктара альбо яно робіцца па ўказанні вышэйстаячага кіраўніцтва, Л. Драпеза адказала: "Тут усё сыйшлося".

Не згодны з ідэалогіяй? Выключыць са школы!

З паведамленняў СМІ за апошнія гады бачна, што гэта не першы падобны выпадак у СШ-10 Светлагорска. Некалькі год таму Л. Драпеза намагалася выключыць са школы 11-класніцу Марыяну Мірчук – за тое, што навучэнка цікавілася грамадска-палітычнымі пытаннямі, і яе погляды не ва ўсім супадалі з ідэалагічнымі патрабаваннямі дырэктара (у далейшым дзяўчына паспяхова закончыла міжнародны каледж і ВНУ). Разам з тым, падчас выбараў ад навучэнцаў патрабуецца абслугоўваць працу выбарчай камісіі. Прыцягненне вучняў да абслугоўвання выбараў, якія з'яўляюцца палітычным мерапрыемствам, для дырэктара прымальнае.

Лінейка не па сцэнарыю

Апошнім працоўным днём у А. Маслюковай было 2 верасня. Адкрыццё навучальнага года 1 верасня праводзілі ў актавай залі, з-за пахмурнага надвор'я. Адзінацацікласнікі, якія вялі лінейку, нечакана папрасілі выйсці на сцэну А. Маслюкову, увесь свой клас і бацькоў. "Дзеці плакалі", – напісаў В. Раманцоў. Развітваючыся з настаўніцай, вучні падарылі ёй вялізарны букет руж.

Пасля лінейкі прысутныя бацькі сабраліся ў дырэктара з просьбай заключыць кантракт з настаўніцай хоць бы на год, каб даць магчымасць 11 класу закончыць школу разам са сваёй класнай кіраўніцай. Аднак дырэктар адмовіла ў гэтым.

Падбор кадраў: кампетэнтнасць і мараль – не галоўнае

Многія ў Светлагорску не сумняваюцца, што чарговае гучнае звальненне ў школе мае дрэнна схаваныя палітычныя матывы. Шмат педагогаў, не згодных з ідэалагічнымі патрабаваннямі ўладаў, сыходзяць са школ самі. Між тым, без кампетэнтных, але "нязручных" для ўладаў настаўнікаў якасць сярэдняй адукацыі няўхільна зніжаецца. Ці не таму цэнтралізаванае тэсціраванне паказвае штогод значна ніжэйшыя веды ў выпускнікоў у параўнанні з адзнакамі ў школьных атэстатах?

– Вось вам і якасць, і ўзровень нашай адукацыі. Пагаршэнне ведаў на выхадзе – ужо норма. У школе – ні табе пашаны, ні грошай, ні задавальнення, – каменціруе звальненне А. Маслюковай адзін з ранейшых выпускнікоў СШ-10 – А. Петухоў, які ўжо сам паспрабаваў настаўніцкай працы.

Усё гэта вядзе да той сітуацыі ў сістэме адукацыі Светлагорскага раёна, якую нармалёвай не назавеш. Дастаткова ўзгадаць хоць бы крымінальную справу па гвалтаванню дзяўчынак памочнікам выхавальніка ў дзіцячым доме. Там падбор кадраў не выклікаў сумнення ў адукацыйнага начальства.

masliukova 1

А. Маслюкова з развітальнымі кветкамі ад вучняў, 2 верасня.

masliukova 2

Фінал конкурса "Настаўнік года" ў Светлагорску, А. Маслюкова – другая з правага боку. 2 лютага 2014 г. Фота: sn.by

masliukova 3

Фінал конкурса "Настаўнік года" ў Светлагорску. 2 лютага 2014 г. Фота: sn.by