Мовазнаўцы Пётра Садоўскі й Вінцук Вячорка запрашаюць на чарговы, 30-ты сэзон Моўных сустрэчаў.
Праводзяць яго ў межах кампаніі „Зробім лепш”, якую вядуць сябры Асамблеі дэмакратычных няўрадавых арганізацыяў.
Чарговая Моўная сустрэча ў сераду, 19 лістапада.
Пётра Садоўскі
1. Кароткія адказы на пытаньні зь мінулай сустрэчы
Калі і як ужываць дзеяслоўныя формы:
а) "я быў пайшоў", "а яна тады й будзе гаварыць/казаць" , "мы рабіцьмем"?
б) Чым адрозьніваюцца дзеясловы крэсьліць, рысаваць, маляваць? Што рабіў Хрыстос на гарэ Элеонскай, седзячы на камяні, калі фарысэі прывялі да яго на суд блудніцу? (Эвангельле ад Яна, разьдзел 8).
2. Працяг гутаркі пра "русізмы" ў нашай мове (сапраўды непатрэбныя пазычаньні ды ўяўныя пазычаньні, што супадаюць формай зь беларускімі): гуляць -- іграць, працаваць -- работаць, гульня -- ігра, праца -- работа і да т. п.
Пытаньні для дыскусіі: Ці можа наша мова абысьціся сёньня бяз слова "ігрок"? Як успрымаюцца сёньня часта ўжывальныя ў савецкі час словы й словазлучэньні: "працоўныя", "рабочыя і сяляне", "людзі працы"?
3. Інтэрмэдыя. Што можа значыць выраз "Вазіць кахлю/кафлю да Івенца/Івянца"? Ці чулі вы такі выраз?
4. Выпусканая (часта зрусіфікавана -- "выпускаемая") прадукцыя, прайскурант цэнаў, памятны сувэнір, выстаўленыя экспанаты, дробным пэтытам і г. д. Рэдактары тэкстаў кажуць, што так пісаць нельга. Чаму?
Пачатак а 18.30. Уваход вольны. Арт Сядзіба, пр. Незалежнасьці, 58, гандлёвы цэнтар "Маскоўска-Венскі" (наступны за ЦУМам). 4 паверх, пакой 430.



