Адбыўся фінал конкурсу «Што я ведаю пра Еўропу?»

20.11.2014

8 лістапада 2014 г. у самым цэнтры старажытнай Вільні, фактычна ў мурах яе Старога горада, прайшла фінальная гульня ХI Нацыянальнага конкурса школьных каманд “Што я ведаю пра Еўропу?”

Удзельнікі фіналу папярэдне прайшлі трохэтапны інтэрнэт-адбор, які складаўся з аналітычных і даследчых заданняў, пошуку правільных адказаў на гістарычныя, эканамічныя, сацыялагічныя і паліталагічныя пытанні. Усе конкурсныя заданні і вынікі папярэдніх этапаў можна пабачыць тут.

У жорсткай канкурэнтнай барацьбе месца ў фінале заваявалі наступныя каманды: “Беларускае кола” з Навагрудка, “Сакуны” з Бокшыцкай сярэдняй школы (в. Заполле Слуцкага р-ну), “Еўра-М” і “Вандроўніцы” з Магілёва, “Вандроўнікі”з Башнёўскай сярэдняй школы (в. Башні Шумілінскага р-ну).

У гэтым годзе адзнаўся 10-гадовы юбілей знаходжання ў Еурапейскім Саюзе краін, якія далучыліся да гэтай ўнікальнай супольнасці ў 2004 годзе. Таму асноўная тэма сёлетняга конкурса гучала так: “Што мы ведаем пра 10 краін Еўрапейскага Саюза, якія далучыліся да ЕС у 2004 годзе?”. Мэтай нашага адзінаццатага конкурса было дапамагчы беларускім школьнікам даведацца, што адбываецца за заходнімі і паўночнымі межамі Беларусі, каб лепей уяўляць рэаліі нашых блізкіх і далёкіх суседзяў і мець магчымасць убачыць Беларусь праз прызму гэтых новых ведаў. У гэтым годзе арганізатары таксама не маглі абыйсці сваёй увагай і такую гадавіну, якая шырока адзначалася ва ўсей Еўропе – 100-годдзе з дня пачатку Першай сусветнай вайны, тым болей што падзеі гэтай вайны сталіся важным этапам у гістарычным развіцці ўсіх тых дзесяці краін, якія ў 2004 годзе сталі сябрамі ЕС. І гэтыя тэма таксама знайшла сваё адлюстраванне ў конкурсных заданнях папярэдніх этапаў і фінала.

Варта адзначыць, што сёлетні конкурс немагчыма было б правесці ў такім цудоўным фармаце без падтрымкі зацікаўленых у паглыбленні ведаў пра Еўропу у беларускіх школьнікаў партнераў – Пасольства Літоўскай рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь, Асацыяцыі па міжнародных пытаннях (Чэхія) і Міжнароднага кансорцыюма “ЕўраБеларусь”. Арганізатары конкурса выказалі ім усім вялікую падзяку за дапамогу.

Першым чальцоў каманд-фіналістак, настаўнікаў-куратараў і гасцей конкурса прывітаў яго ідэйны натхняльнік і нязменны кіраўнік аргкамітэта на працягу ўсіх 11 гадоў, намеснік старшыні партыі БНФ і ГА “БНФ “Адраджэньне”” Ігар Лялькоў (“па сумяшчальніцтву” ён жа выступаў і вядучым сёлетняга фіналу). Вітальнае слова ад імя краіны, якая ўжо чацверты год запар прымае фінальную гульню спаборніцтва сказаў загадчык аддзела ў Дэпартаменце Еўрапейскага Саюза МЗС Літвы Дайнорас Жукас. Ён адзначыў вялікую карысць школьнага конкурса “Што я ведаю пра Еўропу?” для кшталтавання еўрапейскай свядомасці ў маладых беларусак і беларусаў і пажадаў поспехаў усім удзельнікам. Да гэтых пажаданняў далучылася таксама прадстаўніца даўняга і вернага партнера конкурса, - чэшскай Асацыяцыі па міжнародных пытаннях, - Здэнка Вагнерава.

Прысутным было прадстаўленае строгае але справядлівае журы фінальнай гульні, якое ў гэтым годзе складалася з вядомага беларускага палітыка і палітолага, намесніка старшыні ПАГА “Рух за Свабоду” Алеся Лагвінца, знанай спецыялісткі ў галіне грамадзянскай адукацыі, сябра праўлення Міжнароднага кансорцыюма “ЕўраБеларусь” Таццяны Пашэвалавай і настаўніцы са шматгадовым стажам, чые каманды рэгулярна бяруць удзел у конкурсе “Што я ведаю пра Еўропу?” Галіны Сыраежкінай.  

Каманды прадстаўляліся самі і віталі ўсіх прысутных. Сярод удзельнікаў фінальнай стадыі конкурса аказаліся вельмі розныя калектывы. У Вільню прыехалі і “старажылы” спаборніцтваў - тытулаваная каманда з Навагрудка “Беларускае кола” (пераможцы конкурса 2010 і 2013 гадоў), і шматразовыя “срэбныя прызёры” - настойлівыя магілёўцы з “Еўра-М”, і вельмі светлыя каманды дзяўчат “Вандроўніцы” з Магілёва і “Вандроўнікі” з вёскі Башні Шумілінскага раёну, і мэтанакіраваныя дзяўчаты і хлопцы з каманды “Сакуны” са Случчыны.

Конкурсныя заданні фіналу былі падрыхтаваныя такім чынам каб праверыць і замацаваць веды атрыманыя школьнікамі падчас адборачных этапаў ды пашырыць іх веды аб краінах, што далучыліся да ЕС у 2004 г. (“краіны 10-кі”) пад час падрыхтоўкі да конкурсных заданняў “Пазнай краіну” і “Апішы краіну”, “Першая сусветная вайна ў гісторыі краін 10-кі”, а таксама  медыяазбукі “Славутыя людзі 10-кі”. Гульня атрымалася напружанай і эмацыянальнай, на розных этапах перамагалі  розныя каманды. Кожная з іх дэманстравала волю да перамогі, нягледзячы на часовыя няўдачы. Атрымалася сапраўднае захапляльнае інтэлектуальнае спаборніцтва, але ў выніку перамог досвед – моцная і дасведчаная каманда “Беларускае кола” упершыню ў гісторыі конкурса стала яго трохразовым пераможцам.

Нельга не адзначыць і тое, што падрыхтавалі свае каманды да гэтага свята ведаў і інтэлекту найлепшыя беларускія настаўнікі: Валянціна Быстрык з Навагрудка, Наталля Бартошык з Бокшыцкай СШ, што месціцца у аг. Заполле, Марына Аляксеенка з Башнёў, Юрась Каласоўскі і Галіна Зяткіна з Магілёва. Руплівая праца і творчы падыход, пастаянны педагагічны пошук і няўрымслівасць адзначаюць гэтых педагогаў. Арганізатары конкурса выказалі ім шчырую падзяку за высокі прафесіяналізм у настаўніцкай дзейнасці.

Арганізацыйны камітэт
ХI Нацыянальнага конкурса школьных каманд “Што я ведаю пра Еўропу?”