10 снежня – моўная сустрэча з Пётрам Садоўскім

04.12.2014

Мовазнаўцы Пётра Садоўскі й Вінцук Вячорка запрашаюць на чарговы, 30-ты сэзон Моўных сустрэчаў.

Праводзяць яго ў межах кампаніі „Зробім лепш”, якую вядуць сябры Асамблеі дэмакратычных няўрадавых арганізацыяў.

УВАГА! Чарговая Моўная сустрэча, як звычайна, у сераду, 10 сьнежня (памяшканьне вызвалілася).

Пётра Садоўскі

1. Адыходзіць 2014 год, кароткі і трывожны. Скончылася дзіўная, утульная беларуская восень:

Зноў зіма паслала сьнежныя кілімы, / Зажурыла бельлю паплавы, лугі, / І прыходзіць радасьць у красе маўклівай. / Адплываюць хвілі смутку і тугі... 

Гэтыя чароўныя словы запісаў з сэрца больш як паўстагодзьдзя таму наш Паўлюк Трус.

Такі ж элегічна-мінорны настрой чуем у Багдановічавых радках ужо пра сталую зіму:

... Як мары, белыя бярозы / Пад сінявой начной стаяць, / У небе зоркі ад марозу / Пахаладзеўшыя дрыжаць...

А вось ужо Максім у мажоры і андантэ мчыць празь сьнягі:

Ўзрывайце ж іх санямі, коні! / Зьвіні, вясёлых бомаў медзь! / Вакол лятуць бары і гоні, / Ў грудзях пачала кроў кіпець...

Якімі словамі, узвышанымі і простымі, гаворым мы пра нашу беларускую зіму?

2. Інтэрмэдыя: Здарэньне ў дарозе перад Калядамі. “Ехаў я ад Кяна ды на Смаргонь”, -- запісаў гадоў 100 таму Францішак Багушэвіч.

3. Якімі мы былі ў гэтым годзе? Разважаем пра дабро і зло – шукаем словы: гутарковыя, кніжныя, хрысьціянскія...

Пачатак а 18.30. Уваход вольны. Арт Сядзіба, пр. Незалежнасьці, 58, гандлёвы цэнтар "Маскоўска-Венскі" (наступны за ЦУМам). 4 паверх, пакой 430.