Шчаслівых падзеяў і радасных зменаў у 2015 годзе!

30.12.2014

Дарагія калегі! Паважаныя чытачы!

Шчыра віншуем вас з Калядамі і Новым годам! Дзякуй за тое, што мы былі разам, бо Nastaunik.info ствараюць самі настаўнікі – усе, хто дасылае матэрыялы, піша блогі, раіць, як палепшыць працу сайта і адукацыю наогул.

Каля тысячы настаўнікаў штодня адкрываюць наш сайт, каб даведацца пра метадычныя навінкі, новыя праграмы і тэндэнцыі, цікавыя адукацыйныя  ініцыятывы.

На парозе 2015 год. Ён абяцае быць складаным, але і аптымістычным. Аптымізм наш звязаны не столькі з абяцанкамі вярнуць профільнае навучанне і прыбраць бюракрытыю. Мы ж разумеем, што гэта немагчыма без сапраўднай рэформы сістэмы адукацыі, якая надасць настаўнікам права людзьмі звацца: як мінімум – выбіраць сабе дырэктара і звальняць яго, калі той глядзіць у рот начальству, а не клапоціцца пра навучальны працэс. 

Аптымізм абумоўлены іншым – нас стала больш! Усё больш і больш тых настаўнікаў, якія зразумелі, што адукацыя – гэта НАША справа, а не міністэрства і чыноўнікаў. Мы самі вывучаем педагагічную літаратуру і досвед еўрапейскіх краінаў, якія маюць моцную сучасную адукацыю, якія блізкія да нас па цывілізацыйных каштоўнасцях. Мы самі засвойваем новыя методыкі, якія дазваляюць дзецям арыентавацца ў сучасным свеце, а не толькі транслююць веды. Мы пішам для калег кнігі, арганізоўваем майстар-класы і курсы дыстанцыйнага навучання.  Мы вучым дзяцей сапраўдным нацыянальнымі каштоўнасцям, а не арыентуем іх шукаць лепшую долю за мяжой. Мы самі пазбягаем падвойных стандартаў і гонім ад вучняў усялякіх ідэолагаў, каб не дэзарыентавалі наступнае пакаленне сваім псеўдапатрыятызмам і  рамантызмам вакол савецкага мінулага.

Мы – прафесіяналы, і нас за гэта паважаюць. Нас не запросяць у новым годзе у выбарчыя камісіі, бо мы ўмеем лічыць, не водзім дзяцей на хакей замест урокаў і не арганізуем школьныя конкурсы а-ля «Міс піянерская арганізацыя».

Як сказаў Уладзімір Арлоў: «Чым болей нас, тым меней іх!»

Шчаслівых падзеяў і радасных зменаў у 2015 годзе! 

Ваш Nastaunik.info.