Прадметнае навучанне ў фінскіх школах не адмяняецца

26.03.2015

Нядаўна шэраг сродкаў масавай інфармацыі перадрукаваў  непраўдзівую інфармацыю пра рэформу фінскай адукацыі. Фіны былі вымушаны змясціць афіцыйнае абвяржэнне.

Вось якое тлумачэнне змешчана на афіцыйным сайце Фінскай нацыянальнай рады адукацыі:

Прадметнае навучанне ў фінскіх школах не адмяняецца.

Навіна, што ў Фінляндыі адмяняецца выкладанне асобных прадметаў, нядаўна трапіла ў загалоўкі газет па ўсім свеце. Прадметнае навучанне не адмяняецца, хаця  новаўвядзенні ў вучэбны план базавай адукацыі прывядуць да некаторых зменаў ў 2016 годзе.

Прадметы, агульныя для ўсіх вучняў базавай школы, прапісаны ў Законе аб базавай адукацыi i размеркаванне вучэбных гадзін паміж школьнмі прадметамі зацверджана Указам урада. Тым не менш, ужо больш за дваццаць гадоў адукацыйныя ўстановы маюць высокую ступень свабоды ў ажыццяўленні задач, пастаўленых на нацыянальным узроўні.  Яны могуць развіваць свае ўласныя інавацыйныя метады, якія могуць быць рознымі ў розных муніцыпалітэтах.

Новы асноўны навучальны план у галіне базавай адукацыі, які пачне дзейнічаць са жніўня 2016 г., прадугледжвае некаторыя змены, якія, магчыма, выклікалі непаразуменні. Для таго, каб адказваць на патрэбы будучыні, акцэнт будзе рабіцца на папярочных (агульных) кампетэнцыях, і працы на міжпрадметным узроўні.  Надаецца асобая ўвага метадам, якія прадугледжваюць супрацоўніцтва ў класе, калі навучэнцы могуць працаваць з некалькімі настаўнікамі адначасова над асобнай тэмай на працягу вызначанага перыяду навучання.

Вучні павінны будуць удзельнічаць штогод прынамсі ў адным такім міждысцыплінарным навучальным модулі. Гэтыя модулі распрацаваны і рэалізаваны на мясцовым узроўні. Асноўны навучальны план таксама прадугледжвае, што вучні павінны быць далучаныя да планавання.

Фота FNBE
Артыкул па тэме : Фінскія школы і навучанне па тэмах