Пагоня за здароўем!

04.05.2015

Ідэя пабегаць разам з класам нарадзілася ў мяне даўно, але ўсё ніяк не знаходзіла свайго ўвасаблення: то думаў пабегаць з вучнямі вакол гімназіі, то на школьным стадыёне… Але час ішоў, і летась я выпусціў свой 11 “А” клас. Клас выпусціў – ідэя засталася…

Менавіта таму, калі стаў класным кіраўніком 5 “Б” класа, захацеў паспрабаваць рэалізаваць з гэтымі дзецьмі штосьці з таго, што па розных прычынах не атрымалася з папярэднім выпускам. Цікава, што сама думка пабегаць з класам менавіта 10 км прыйшла да мяне падчас адной з трэніровак: 10 км – гэта 25 кругоў па стадыёне, а ў мяне якраз 25 вучняў!

 

Вельмі прыемна, што дзеці з радасцю адгукнуліся на маю прапанову і з нецярплівасцю чакалі гэтых своеасаблівых спаборніцтваў. Спачатку планавалі правесці іх у пачатку красавіка, але праз халаднаватае і дажджлівае надвор’е перанеслі на канец месяца.

Натуральна, сабраць у адзін дзень пасля ўрокаў усіх 25 чалавек было цяжка: у каго факультатывы, у каго платныя заняткі, у каго нейкія абавязковыя мерапрыемствы… Магчыма, былі і такія, хто і не вельмі хацеў бегаць – але ўрэшце мы вырашылі абавязкова правесці спаборніцтвы ў красавіку і выбралі дзень: панядзелак, 27-га!

І хаця надвор’е не абяцала быць добрым (прадказвалі навальніцы), дату вырашылі не пераносіць. І не памыліліся: сонечнае і цёплае надвор’е спрыяла добраму настрою і цёплай атмасферы спаборнітцваў. Дапамаглі і бацькі, якія прыйшлі на стадыён падтрымаць сваіх дзяцей.

Перад пачаткам спаборніцтваў раздаў дзецям стартавыя нумары (паколькі іх было менш за 25 чалавек, то некаторым замест 1 круга трэба было бегчы 2), крыху распавёў пра свае марафоны, паказаўшы як медалі, так і стартавыя нумары з прабегаў у Варшаве, Лодзі, Торуні, Коўне. Пасля невялічкага інструктажа прабеглі разміначны круг і вышлі на старт.

Нагадаю, паводле ўмоваў, дзеці павінны былі кожны круг мяняць адно аднаго, а мне ж трэба было бегчы 25 кругоў увесь час. Шчыра кажучы, паддавацца не збіраўся і перад спаборніцтвамі думаў, што з лёгкасцю абганю дзяцей на некалькі кругоў. Канешне, паколькі бег праз тыдзень пасля марафона ў Лодзі і на наступны дзень пасля 26-кіламетровай прабежкі, то на выдатны вынік я не разлічваў, але што такое 10 кіламетраў для марафонца?! Таму арыентаваўся на час 39-40 хв., думаючы, што дзеці прабягнуць прыкладна за 45 хвілін.

І вось – старт!!!

З самага пачатку вырваўся наперад, пачаўшы забег у даволі высокім тэмпе па 3.30 на км, і ўжо кругоў праз 5 абганяў дзяцей прыкладна на 200 м. Потым мой тэмп знізіўся да 4.00 на км, і на працягу 4-5 км адрыў паміж мной і вучнямі заставаўся такім жа самым – 200 м! Зразумеў, што недаацаніў сваіх вучняў, якія, падтрымліваючы адно аднаго, часам нават пачыналі скарачаць адрыў!

Прыемна і тое, што дзеці не забывалі падтрыліваць і мяне, амаль на кожным крузе прапаноўваючы бутэлечку з ізатонікам.

Нарэшце прыкладна на 8-м кіламетры я абагнаў дзяцей на 1 круг, але тут жа адна з дзяўчат, Веранічка, якая бегла ўжо другі круг, на сваім адрэзку скараціла адрыў метраў на 80!

І толькі на апошнім сваім крузе я ўсё ж абагнаў каманду вучняў на 1 круг, каб потым прабегчы заключны, 25-ы круг дзяцей разам з дзяўчынкай, Лізай, якой трэба было фінішаваць. І тое, што мы разам, узяўшыся за рукі, фінішавалі пад воплескі дзяцей і бацькоў, ёсць пераканаўчым сведчаннем таму, што спартыўнае свята атрымалася!

Свімі ўражаннямі падзялілася Лізавета Нікіценка, удзельніца спаборніцтваў і, дарэчы, студэнтка курсаў “Мова нанова-Магілёў”: “Некалькі дзён таму я ўдзельнічала ў спартыўным свяце. Спаборнічалі ў ім мае аднакласнікі і наш любімы класны кіраўнік, які ўвесь час задаваў нам даволі высокі тэмп бегу. Для мяне гэта першы ўдзел у такім спаборніцтве. Я ўпэўнена, што кожны з маіх аднакласнікаў атрымаў мноства станоўчых эмоцый: мы смяяліся, жартавалі і падтрымлівалі адно аднаго. Канешне, перамагчы прафесіянала ў нас пакуль не атрымалася, але ж гэта нас зусім не засмуціла. Я шчаслівая, таму што гэты дзень застанецца ў маёй памяці!”.

Дарэчы, калі бег марафон у Лодзі 19 красавіка, быў вельмі рады пачуць з вуснаў мужчыны, які стаяў на ходніку і падтрымліваў бегуноў, працяглае “Ма-лай-чы-на!” у мой адрас! І зараз шчыра кажу сваім вучням: “Вы проста ма-лай-цы!!!”.

Юрась Каласоўскі, Магілёў.