Школа, аспірантура, каледж АБСЕ і кнігі. Чым займаюцца звольненыя гродзенскія выкладчыкі?

04.11.2015

Алесь Кіркевіч, Твой стыль 

Ніхто са звольненых у апошнія гады з ГрДУ выкладчыкаў ні пра што не шкадуе. Былым калегам спачуваюць ды з большага прабачылі.

Пасля інфармацыі пра адкрыццё Цэнтру Беларускіх Студыяў пры Варшаўскім універсітэце, зноў абудзілася цікавасць да звольненай гарадзенскай прафесуры. Згодна з задумай аўтараў, Цэнтр акурат і мае на мэце мабілізаваць звольненую інтэлігенцыю для працы на карысць беларускай навукі.   Дык хто са звольненых выкладчыкаў зараз чым займаецца і дзе?  

Іна Соркіна

Іна Соркіна – гісторык, даследчыка гісторыі беларускіх жыдоў і мястэчак – звольненая ў студзені 2014. Не пераабраная на пасаду дацэнта. Супраць Соркінай выказаліся 15 з 23 чальцоў Рады факультэту.

Іна Соркіна не сыходзіла з прафесіі канчаткова і працягвае выкладчыцкую дзейнасць – зараз, праўда, ужо толькі на паўстаўкі ў школе. Разам з калектывам аўтараў пад кіраўніцтвам Захара Шыбекі працуе над манаграфіяй “Гісторыя гандлю”.

Прызнаецца, што сувязі з калегамі з ГрДУ практычна абарваліся за рэдкім выключэннем. Тым не менш, да новага жыцця спадарыня Іна цалкам адаптавалася, нават лічыць яго больш актыўным і цікавым:

- Дагэтуль засмучае факт здрады і подласці тых, хто прагаласаваў за звальненне, - распавядае Соркіна. -  Асадак застаўся назаўсёды. Наогул жа ГрДУ для мяне ўчорашні дзень, у гэтай гісторыі я паставіла кропку.

Таццяна Касатая

Таццяна Касатая – гісторык, даследчыца пратэстанцкага руху ў БССР – звольненая з аспірантуры ГрДУ у верасні 2011. Такім чынам Таццяне прыгадалі ўдзел у леташняй прэзідэнцкай кампаніі ў камандзе Някляева.

Таццяна Касатая навучаецца ў аспірантуры Інстытуту славістыкі Польскай Акадэміі Навук. Працягвае працу па вывучэнні рэлігійнай палітыкі пасля вайны ў БССР. Да таго ж яшчэ і ўдзельнічае ў праекце “Беларускі архіў вуснай гіторыі”: ездзіць у экспедыцыі ды апрацоўвае запісы. Таццяна актыўна піша артыкулы ды працягвае працу ў турыстычнай сферы.  

Да тых, хто яе ў свой час выкінуў з універсітэту, Касатая ставіцца нават паблажліва:

- Я разумею, што яны мелі выбар: альбо кагосці, альбо – іх самых. Яны гэты выбар зрабілі на сваю карысць. Нікога не асуджаю, стаўлюся нейтральна, - кажа яна. Разам з тым, дадае з сумам: - Зараз ва ўніверсітэце не засталося выкладчыкаў, з якімі можна было б сустрэцца, пагутарыць. За тым, што робіцца ва ўніверсітэце, сачу, але не паглыбляюся. Больш нават цікаўлюся Берасцейскім і Віцебскім універсітэтамі, хоць жыву тут, у Гродне.

Вячаслаў Швед

Вячаслаў Швед – гісторык, даследчык гісторыі Гродна, беларускіх масонаў, “дзекабрыстаў” і інш. – звольнены ў красавіку 2014. Не пераабраны Радай факультэту на пасаду прафесара. Звальненне назваў помстай за знакаміты ўжо падручнік “Гродназнаўства”.

Вячаслаў Швед, як аказалася, сам актыўна бярэ ўдзел у арганізацыі Цэнтру беларускіх студыяў, займацца навуковай і выкладчыцкай дзейнасцю. На павестцы дня ў Вячаслава Вітальевіча праца над грунтоўнай трохтомнай (!) энцыклапедыяй, прысвечанай гісторыі Гродна. Тамы маюць быць падзеленыя па прынцыпе: палітыка, эканоміка, культура. Такі ўсеабдымны твор, як мяркуе спадар Вячаслаў, мае падняць Гродна на еўрапейскі ўзровень.

Швед кажа, што ўжо прабачыў тых, хто яго звальняў з універсітэту, і наўпрост спачувае былым калегам:

- Так, мне было цяжка, асабліва ў першы час. Ляжаў нават у шпіталі. Але – перажыў! Бо разумны чалавек ніколі не прападзе, я лічу.

Ігар Кузьмініч\

Ігар Кузьмініч – юрыст – у красавіку 2014 сам напісаў заяву з просьбай аб звальненні ў адказ на кампанію “чысткі” ГрДУ. Папярэдне адзначаўся ціск ва ўніверсітэце на адзінага беларускамоўнага выкладчыка на Юрыдычным факультэце.

Ігар Кузьмініч прызнаецца, што сфера яго зацікаўленасцяў значна “скарэктавалася” пасля звальнення:

- Як міжнародны эксперт (International Trainer Adviser) я далей выкладаю. Праўда, працую пераважна для міжнародных арганізацый, напрыклад, для коледжу памежных службаў АБСЕ у Таджыкістане. Дысцыпліны не надта змяніліся: зараз гэта “Міжнародныя стандарты ў галіне правоў чалавека” для афіцэраў памежных войскаў (у тым ліку для афіцэраў з Беларусі).  

Кузьмініч кажа, што акрамя гэтых, блізкіх да яго, заняткаў, з’явіліся і новыя сферы: аналіз арганізацыйнага патэнцыялу юрыдычных асоб, стратэгічнае планаванне, кансалтынг. Да таго ж даводзіцца шмат падарожнічаць. Асноўныя напрамкі - Сярэдняя Азія, Заходняя і Цэнтральная Еўропа.  

З такім тэмпам працы за жыццём ГрДУ і сачыць няма калі:  

- Чытаю пра ўніверсітэт толькі калі выпадкова траплю на нейкую інфармацыю, - прызнаецца Кузьмініч. - З апошняга – скандал з фактычнай забаронай на выкладанне па-беларуску ў сувязі з тым, што замежнікі навучаюцца не ў асобных групах, як гэта і павінна быць, а разам з беларусамі ў тых самых групах.  

Кузьмініч кажа, што сваіх недабразычліўцаў прабачыў, што вызваліла яго ад цяжару мінулага ды ад гэтых асобаў персанальна:  

- Я ні аб чым не шкадую. Я радуюся, што абраў адзіна правільны шлях, хоць можа самы складаны... Але зараз, як і раней, - паважаю сябе, па-новаму ўладкаваў сваё жыццё і займаюся справай якую люблю і якую ведаю.  

Святлана Куль

Святлана Куль – гісторык, даслечыца храналогіі – звольненая ў снежні 2014. Падстава - сканчэнне тэрміну дамовы: "Кантракт на 0,25 стаўкі не аднавілі. Кажуць, не адпавядаю” – напісала тады Свтялана ў сваім фэйсбуку.  

Святлана Куль працуе прафесарам на факультэце менеджменту ў Беластоцкай палітэхнічнай акадэміі, выкладае гісторыю культуры. Тут жа мае кватэру ад палітэхнікі, годны заробак і сацпакет.

- Нарэшце ёсць час заняцца навукай, бо не загружаюць фармалістыкай. Рыхтую чарговую манаграфію, у плане яшчэ адна. Сумую па Гродна, але не па ўніверы – па сябрах і вучнях.  

Манаграфія, пра якую ідзе размова, гэта “Гадзіны і гадзіннікі” у суаўтарстве з Андрэем Кіштымавым. Там чытач знойдзе працяг тэмы храналагічнай праблематыкі, якой і раней займалася спадарыня Святлана.

- …З тыж жа, хто звальняў, шкадую аб страце акадэмічнага твару толькі адным чалавекам, - не без суму дадае Святлана. - Я заўсёды яго глыбока паважала, шкада, што яго зламалі. Астатніх – хай Бог прабачыць.

Андрэй Чарнякевіч

Андрэй Чарнякевіч – гісторык беларускага нацыянальнага руху, даследчык Гродна, выкладаў эканоміку – звольнены ў верасні 2012. Афіцыйная фармулёўка – “неаднаразовыя спазненні на працу”. Пазней кіраўнік вобласці Сямён Шапіра прызнаўся, што такое рашэнне прыняў ён асабіста.

Андрэй Чарнякевіч, чыё выгнанне з ГрДУ па асабістым загадзе Шапіры было адным з найгучнейшых, зараз з іроніяй канстатуе, што фактычна жыве “ў аўтобусе паміж Горадняй і Познанню”. Такі графік звязаны з навучаннем у Польшчы.

- Ідзе апошні год маёй дактарантуры на паліталагічным факультэце Познаньскага ўніверсітэту. Але ў Польшчу не пераязджаў, што вы.  

За апошнія пару год свет пабачыла некалькі кніг аўтарства Чарнякевіча. Прэзентацыя апошняй – “Нараджэнне беларускай Гародні” – акурат мае адбыцца днямі.  

Наконт Цэнтру Беларускіх Студыяў Чарнякевіч зазначыў, што спадзяецца, што гэта будзе менавіта цэнтр даследчыкаў, а не выгнанцаў.   На пытанне пра Гродзенскі ўніверсітэт і ўсю гісторыю з выгнаннем, Андрэй адказаў коратка:  

- Не варта жыць старымі крыўдамі.

Генадзь Семянчук

Генадзь Семянчук – гісторы і археолаг – звольнены ў студзені 2015 году. Падстава — артыкул 36 пункт 2 Працоўнага кодэкса: сканчэнне тэрміну дамовы.

Генадзь Семянчук падчас размовы з усмешкай назваў сябе “татальна беспрацоўным”. Бліжэйшчым часам ён плануе зарэестравацца ў падаткавай інспекцыі як асоба, што аказвае адукацыйныя паслугі: рэпетытарства, кансультацыя для навуковых працаў. Большасць часу Семянчук прысвячае чытанню літаратуры і падрыхтоўцы тэкстаў аб Беларусі ІХ-ХІІІ стст.

- Як стаўлюся ды былых калегаў? Вельмі злосна! Так і напішы, – прызнаецца спадар Генадзь. - Пасля звальнення са мной проста перасталі кантактаваць. Два разы хіба пазваніў археолаг Аляксандр Дабрыян, два ці тры – загадчык кафедры Сяргей Піваварчык. І усё!  

За жыццём у ГрДУ Семянчук па мажлівасці сочыць, але глядзіць на сітуацыю з жалем:

- Студэнты, якія працягваюць навучацца, мне распавядаюць, што там ды як. Татальная дэградацыя і прыстасавальніцтва. Беларуская мова цалкам знікла з аўдыторыяў. Дэкану Нечухрыну да лёсаў людзей няма аніякай розніцы… Інакш як безкультур’ем назваць усё гэта цяжка. Карацей, тыповы “русский пейзаж”… або “русский мир”, як зараз кажуць!

Фота Вольгі Мілавай