Пэтсан і Фіндус святкуюць Каляды – 17 снежня

13.12.2015

17 снежня ў 18:00 запрашаем у Галерэю сучаснага мастацтва «Ў» (пр. Незалежнасці, 37а) дзетак і дарослых на прэзентацыю кнігі шведскага пісьменніка і мастака Свэна Нурдквіста «Пэтсан і Фіндус святкуюць Каляды» з удзелам акцёраў Паўла Харланчука і Ганны Хітрык.

У праграме: калядная чытанка-забаўлянка.

Кніга “Пэтсан і Фіндус святкуюць Каляды” пабачыла свет у серыі “Каляровы ровар” Бібліятэкі Саюза беларускіх пісьменнікаў у перакладзе на беларускую мову Надзеі Кандрусевіч. Падрабязней тут: http://lit-bel.org/by/news/6427.html

Пра аўтара:

Свэн Нурдквіст нарадзіўся ў 1946 годзе ў Хельсінборгу (Швецыя) і на працягу ўсяго жыцця займаўся маляваннем. Працаваў архітэктарам, настаўнікам, ілюстратарам.

У 1983 годзе Свэн Нурдквіст перамог у конкурсе выдавецтва “Opal” на лепшую праілюстраваную кнігу. У кнізе "Блінны торт" чытачы ўпершыню пазнаёміліся са старым, якога завуць Пэтсан і яго коцікам Фіндусам, якія пазней сталі героямі цэлай серыі.

Кнігі Свэна Нурдквіста будуць цікавыя дзецям і дарослым ад 3 да 99 гадоў, яны перакладзеныя больш чым на 30 моваў свету.

Уваход вольны!

Паводле lit-bel.org