Новы профіль «прыкладная матэматыка» з вывучэннем матэматыкі і інфарматыкі на павышаным узроўні адкрываецца з гэтага года ў Ліцэі БДУ.
Ва ўсім свеце сёння імкліва развіваецца вытворчасць праграмнага забеспячэння і навукаёмістых тэхналогій, што патрабуе наяўнасці кваліфікаваных кадраў: спецыялістаў па інфармацыйных тэхналогіях, праграмаванні і абароне інфармацыі. Педагогі Ліцэя БДУ таксама адзначаюць актыўны інтарэс вучняў да інфармацыйных тэхналогій і факультатыўных заняткаў па інфарматыцы. Штогод ліцэісты паспяхова выступаюць у розных рэспубліканскіх і міжнародных алімпіядах па гэтым профілі. Акрамя таго, многія выпускнікі Ліцэя БДУ ў далейшым паступаюць на факультэт прыкладной матэматыкі і інфарматыкі ўніверсітэта.
У 2016-2017 навучальным годзе ў Ліцэі БДУ плануецца адкрыць адзін клас па прыкладной матэматыцы. Школьнікам, якія пажадаюць вучыцца па гэтым профілі, трэба будзе здаць уступныя экзамены па матэматыцы і інфарматыцы.
Такім чынам, навучанне ў Ліцэі БДУ будзе ажыццяўляцца ўжо па сямі профілях: фізічным, матэматычным, прыкладной матэматыцы, хіміка-біялагічным, хіміка-матэматычным, філалагічным і гісторыка-грамадазнаўчым.
Яшчэ адной навіной уступнай кампаніі 2016 года стане з'яўленне на афіцыйным сайце Ліцэя БДУ «Асабістага кабінета абітурыента». Зарэгістраваўшыся на гэтым электронным рэсурсе, можна будзе даведацца пра час і месца правядзення экзаменаў, вынікі іспытаў і прахадныя балы.
Прыём дакументаў ад ахвотных стаць ліцэістамі будзе весціся да 6 мая па адрасе: Мінск, вул. Ульянаўская, 8 з панядзелка па пятніцу з 9.00 да 17.00 і па суботах з 9.00 да 14.00.
Рэпетыцыйныя выпрабаванні пройдуць на серверы дыстанцыйнага навучання Ліцэя БДУ httр://е-lусеum.bу з 1 па 5 мая. А ўступныя экзамены запланаваны на 15, 22 і 28 мая.
Без экзаменаў у Ліцэй БДУ паступаюць прызёры заключнага этапу рэспубліканскіх прадметных алімпіяд. Дарэчы, сёлета на Рэспубліканскай алімпіядзе па вучэбных прадметах ліцэісты заваявалі 67 дыпломаў: 23 дыпломы першай ступені, 16 — другой і 28 — трэцяй. А ў 2015 годзе кожны дзявяты абітурыент у краіне, які набраў 100 балаў на цэнтралізаваным тэсціраванні, скончыў Ліцэй БДУ.
Надзея Нікалаева, zviazda.by
nіkаlаеvа@zvіаzdа.bу