Чаму прызначылі новага міністра і што рабіць настаўніку

16.12.2016

Аналіз розных крыніц паказаў, што існуюць дзве версіі, чаму чалавека, які не дужа разбіраецца ў адукацыйных справах і ўвасабляе экзатычную палітычную нішу, прызначылі міністрам.

1) Для правядзення рэферэндуму па змене канстытуцыі з загадзя вядомым вынікам. Тут ён спец! Быў старшынём Мінскай гарадской выбарчай камісіі. Быў уключаны ў спіс неўязных у Еўразвяз за фальсіфікацыю выбараў.
Хто не хоча быць саўдзельнікам чарговай фальсіфікацыі, трэба рыхтавацца ўжо цяпер: напрыклад, падпісацца на пару незалежных газет. З працы за гэта не выганяюць (пакуль), але і ў камісію могуць не ўключыць. Ёсць яшчэ метады, як туды не патрапіць. Бо на гэты раз могуць быць сурёзныя наступствы як для членаў камісіі, так і для Беларусі, гэта вам не «выбары ў палатку», якая нічога не вырашае.

2) Новы міністр – член КПСС, узначальвае яе філіял КПБ. Мэта яго арганізацыі – «возрождение всесторонних связей и дружбы советских народов и воссоздание на добровольной основе их государственного союза». (Не выключана, што рэферэндум і для гэтага будзе скарыстаны.) Яго прызначэнне – знак, што кіраўніцтва РБ будуе "русский мир", прынамсі ў сістэме адукацыі. Беларускае зноў будуць знішчаць: з новай ідэалагічнай матывацыяй, «с огоньком», с «пионерским задором».
Трэба любымі метадамі захаваць і ствараць беларускую свядомасць (і сваю краіну). Бо "русский мир" – ідэалогія недаўгавечная, яшчэ больш гнілая і шкодная, чым камуністычная. Моладзь з’едзе ад маразму, як гэта адбылося ў Прыднястроўі, у Крыме, у Данбасе...

Ну і крышку тэорыі напрыканцы.
Цяпер войны вядуцца не толькі з дапамогай «жорсткай сілы» (армія, эканамічны прымус), але ўсё больш з дапамогай «мяккай сілы» – культуры, адукацыі, рэлігіі. Людзей з выкарыстаннем тэхналогіяў прымушаюць думаць так, як трэба агрэсару. «Жорсткая» сіла ідзе ўслед за «мяккай». І там, дзе «мяккая» не дае выніку, да «жорсткай» можа і не дайсці. Пра гэта трэба ведаць і думаць настаўніку.

Папярэджаны – значыць, абаронены!

Фота - срыншот сайта http://skpkpss.ru/karpenko-igor-vasilevi/