Ала ЛАЗІЦКАЯ, дырэктар сярэдняй школы №2 горада Століна:
— Кожны раз, калі гартаю «Звязду», найперш шукаю тэмы, якія хвалююць мяне як педагога. Адукацыя як футбол: у ёй разбіраюцца ўсе, пакуль не паспрабуюць забіць гол у вароты. Таму і дылетанцкіх разважанняў у СМІ хапае. Ці пагодзіцеся вы са мною, што публікацыі ў «Звяздзе» на педагагічную тэматыку вылучаюцца вельмі якасным журналісцкім выкананнем? Яны заўсёды актуальныя і своечсовыя, часта палемічныя, заснаваныя на фактычнай інфармацыі і меркаваннях экспертаў. Але надзіва карэктна ў гэтых артыкулах адлюстроўваецца сутыкненне думак і пазіцый.
Натуральна, што яны вельмі часта выклікаюць шырокі рэзананс у педагагічнай супольнасці, абмяркоўваюцца ў настаўніцкіх, выклікаюць актыўную палеміку ў сацыяльных сетках. Рубрыка «Зваротная сувязь» у самой газеце і на яе сайце таксама сведчыць пра гэта. Вострыя артыкулы працягваюць абмяркоўвацца ў каментарыях публікацый у сацыяльных сетках, якія распаўсюджваюцца ў педагагічных суполках і самі па сабе з'яўляюцца інфармацыйным выклікам. Сярод апошніх рэзанансных матэрыялаў — «У грамадстве ці ў чатырох сценах», «Інфармацыйны фаст-фуд», «Пакаленне «Гугл», «Навошта сучаснаму чалавеку крытычнае мысленне?», круглы стол «Настаўнік — у новай сістэме каардынат» і іншыя. Дарэчы, круглы стол і яго відэазапіс на сайце газеты справакаваў вельмі актыўнае абмеркаванне сярод настаўнікаў, так бы мовіць, зачапіў усіх за жывое. Амаль усе матэрыялы трапляюць у самы «яблычак», ангажуюць да дыскусіі, аб'ядноўваюць неабыякавых людзей.
Актуальны погляд, добрая якасная стылістыка, аргументаванасць разважанняў, адсутнасць тэндэнцыёзнай афіцыйнасці, прафесійная зацікаўленасць, грунтоўнае бачанне праблем, абмеркаванне іх без пафасу і папулізму — усё гэта прываблівае мяне як чытача. Плюс аператыўнасць: пра ўсе новаўвядзенні ў нашай сферы я таксама даведваюся найперш са «Звязды».
Дзякуючы публікацыям у газеце мяняецца градус настрою педагагічнай супольнасці, прынамсі той яе часткі, якая чытае «Звязду», з песімістычнага на рэалістычны. І за гэта словы ўдзячнасці яе аўтарскаму калектыву...
Паводле газеты Звязда