17.11.2017
Арганізатары паведамляюць, што дзеля таго, каб паўдзельнічаць у конкурсе, неабходна ўсяго толькі сабраць каманду адзінадумцаў з 5 чалавек у сваёй навучальнай установе, у сваім горадзе, мястэчку ці вёсцы, альбо у той моладзевай суполцы ці арганізацыі, сябрамі якой яны з’яўляюцца, ды да 20 лістапада 2017 г. падаць заяўку на ўдзел у конкурсе. Запрашаецца не толькі вучнёўская моладзь, але і ўвогуле ўсе маладыя жыхары Беларусі ад 16 да 19 гадоў, якія цікавяцца пытаннямі гісторыі і сучаснасці Еўропы, беларуска-еўрапейскімі сувязямі, гісторыяй нашай краіны ў еўрапейскім кантэксце.
Сёлетні конкурс будзе праходзіць у два этапы:
1 этап – “Беларусь у агульнаеўрапейскай культурнай прасторы. Да 500-годзьдзя беларускага кнігадрукаваньня"”: Інтэрнэт-заданні, накіраваныя на развіццё навыкаў аналітычнага і творчага мыслення.
2 этап – “Жывая” фінальная гульня для 3-х каманд, якія найбольш паспяхова прайшлі першы этап. Яна адбудзецца да канца 2017 г. у бліжэйшай да Беларусі сталіцы дзяржавы-чальца Еўрапейскага Саюза - старажытнай Вільні.
Такім чынам, усе зацікаўленыя узяць удзел у Нацыянальным конкурсе моладзевых каманд “Што я ведаю пра Еўропу?”, мусяць да 20 лістапада 2017 г. даслаць заяўку на ўдзел на электронны адрас igken11@gmail.com
У заяўцы трэба указаць:
1. Назву каманды.
2. Мясцовасць.
3. Назву навучальнай установы і/ці моладзевай арганізацыі, якую прадстаўляе каманда (па жаданні).
4. Імёны і прозвішчы 5 гульцоў каманды, з указаннем датаў іх нараджэння (дата нараджэння павінна быць не ранейшая за 1.01.1998) і пазначэннем, хто з’яўляецца капітанам.
5. Кантактныя дадзеныя капітана для аператыўнай сувязі з аргкамітэтам (нумар мабільнага тэлефона і адрас электроннай пошты – абавязкова, іншыя кантактныя дадзеныя – па жаданні).
Конкурс моладзевых каманд “Што я ведаю пра Еўропу?” з’яўляецца пераемнікам конкурса школьных каманд “Што я ведаю пра Еўропу?”, які штогод праводзіўся ў нашай краіне з 2004 па 2016 г.г., і за час правядзення якога больш за 1000 маладых людзей з усіх рэгіёнаў Беларусі атрымалі і ўдасканалілі свае веды па гісторыю і сучаснасці Еўропы і Еўрапейскага Саюза, сувязям Беларусі з іншымі еўрапейскімі краінамі і гісторыі нашай Бацькаўшчыны ў еўрапейскім кантэксце. За 12 год існавання конкурса яго пераможцамі былі каманды са Ждановічаў, Расонаў, Бабруйска, Ліды, Мінска, Навагрудка, Крычава, Брэста. Нязменным галоўным прызам для каманды-пераможцы заставалася пазнавальная паездка ў адну з краінаў ЕС. Нашыя пераможцы мелі магчымасць наведаць Брусэль, Варшаву, Вільнюс, Гданьск, Талін, Стакгольм ды іншыя гарады Еўропы. Пра тое, як адбываліся нашы папярэднія конкурсы, можна паглядзець на сайце.