Анісім: Кодэкс аб адукацыі ўпершыню паступіць у Палату прадстаўнікоў на дзвюх мовах

08.05.2018
Новая рэдакцыя Кодэксу аб адукацыі паступіць у Палату прадстаўнікоў на дзвюх мовах. Пра гэта сказала 7 траўня дэпутатка Алена Анісім пасля сённяшняй сустрэчы з міністрам адукацыі Ігарам Карпенкам. 
 
«Ён мне пацвердзіў: як толькі законапраект будзе канчаткова падрыхтаваны і ўзгоднены, дакумент паступіць у Палату прадстаўнікоў на дзвюх дзяржаўных мовах. Раней такога не было. Законапраект мусяць перадаць у парламент да 1 ліпеня», — сказала Алена Анісім.
 
 
 
Якія спецыялісты найперш патрэбныя Беларусі?
Другое пытанне, якое абмеркавалі сёння міністр Карпенка і дэпутатка, старшыня Таварыства беларускай мовы Анісім, было адкрыццё беларускага нацыянальнага ўніверсітэту імя Ніла Гілевіча. У новай навучальнай установе пакуль хочуць рыхтаваць толькі спецыялістаў-гуманітарыяў.
 
«І тут міністар гаворыць, што ў нас ужо і так зашмат філолягаў, гісторыкаў, юрыстаў, эканамістаў, а не хапае тэхнічных спецыялістаў: айцішнікаў, інжынэраў... Падчас дыскусіі высветлілася, што патрэбныя спецыялісты ў педагагічнай сферы з беларускай мовай навучання. Вось тут нашы погляды супалі», — кажа дэпутатка.
 
Яна кажа, што па-ранейшаму будзе змагацца за тое, каб нацыянальны універсітэт пачынаў працаваць і даваць адукацыю. Паводле Алены Анісім, арганізатары новай навучальнай установы не спяць у шапку, а і цяпер займаюцца «вельмі вялікай арганізацыйнай і папяровай працай»:
 
«Тое ж ліцэнзаванне запатрабавала шмат удакладненняў. На словах нібыта не вельмі складана, а як пачынаеш паглыбляцца, то ўзнікае мноства пытанняў».