Шаноўнае спадарства.
Запрашаем на прэзентацыю трох новых кніг, створаных Таварыствам беларускай школы.
Прэзентацыя з удзелам аўтараў адбудзецца ў Беларускім прэс-клубе 30 мая 2018 г. а 18:00 па адрасе: Мінск, вул. Веры Харужай, 3 пакой 601.
Мадэратар сустрэчы -- Уладзімір Колас.
Уваход вольны.
Глабальныя праблемы чалавецтва:
нарысы эканамічнай і сацыяльнай геаграфіі сучаснасці – аўтар Павел Церашковіч
У кнізе разглядаецца шырокі спектр праблем, вырашэнне якіх патрабуе калектыўных намаганняў на міжнародным, наднацыянальным узроўні. Аналізуюцца найважнейшыя тэндэнцыі эканамічнага і сацыяльнага развіцця сучаснага свету, актуальны стан геаэкалагічных параметраў геаграфічнай абалонкі. Найбольш вострыя праблемы сучаснасці: узмацненне сацыяльнай няроўнасці, дэфіцыт харчавання, незбалансаванасць дэмаграфічнага развіцця, разгледжаны ва ўзаемасувязі з глабальнымі экалагічнымі выклікамі, уключаючы парніковы эфект, недахоп прэснай вады, перспектывы вычарпання найважнейшых выкапнёвых рэсурсаў. Спецыяльныя раздзелы прысвечаны фарміраванню стратэгій устойлівага развіцця і рацыянальнага прыродакарыстання. Асаблівая ўвага надаецца месцу Беларусі ў глабальных працэсах і выкліках.
Кніга прызначаная для шырокага кола чытачоў, усіх, каго цікавіць, што чакае свет і нашу краіну ў бліжэйшай перспектыве.
“Словы і вобразы” – аўтар Лявон Баршчэўскі
На падставе аналізу канкрэтных твораў розных часоў і народаў разглядаюцца
найважнейшыя этапы станаўлення літаратуры і мастацтва – ад старажытнасці да канца эпохі
Адраджэння. Беларуская літаратурна-мастацкая традыцыя паказваецца як нацыянальнае
праяўленне агульнаеўрапейскага культурніцкага руху. У кнізе даецца вызначэнне значнай
колькасці найважнейшых тэрмінаў і паняццяў мастацтва і літаратуразнаўства, філасофіі
культуры і некаторых сумежных галін ведаў.
Адрасуецца ўсім, хто цікавіцца пытаннямі гісторыі і тэорыі літаратуры і мастацтва.
“Беларускі фальклор” – аўтар Алесь Лозка
Выданне ў сістэматызаваным выглядзе падае асноўныя звесткі пра беларускі фальклор, яго
жанры і віды (замовы, народны каляндар, каляндарна-абрадавую, сямейна-абрадавую і
пазаабрадавую творчасць, празаічны, дзіцячы, тэатральны і матэматычны фальклор), што
фрагментарна вывучаецца на занятках літаратуры, гісторыі, музыкі.
Адрасуецца вучням і студэнтам, настаўнікам і выкладчыкам адукацыйных устаноў, усім,
хто цікавіцца народнай творчасцю.
Прэзентацыя з удзелам аўтараў адбудзецца ў Беларускім прэс-клубе 30 мая 2018 г. а 18:00
Мадэратар сустрэчы -- Уладзімір Колас.