Прэзентацыя другой часткі кнігі "Словы і вобразы" перакладніка і педагога Лявона Баршчэўскага

01.10.2018

У сераду, 3 кастрычніка, у офісе ТБМ (г. Мінск, вул. Румянцава, 13) адбудзецца прэзентацыя другой часткі кнігі "Словы і вобразы" перакладніка і педагога Лявона Баршчэўскага.
На падставе аналізу канкрэтных твораў розных часоў і народаў Баршчэўскі разглядае найважнейшыя этапы станаўлення літаратуры і мастацтва — ад старажытнасці да канца эпохі Асветніцтва.
Прэзентуюць кнігу аўтар Лявон Баршчэўскі, выдавец Зміцер Колас і крытык Пятро Васючэнка.

Пачатак у 18.45. Уваход вольны.

Лявон Баршчэўскі — беларускі філолаг, перакладчык, грамадскі дзеяч.
Нарадзіўся ў Полацку 4 сакавіка 1958 года. Скончыў Мінскі пэдагагічны інстытут замежных моваў. Мае ступень кандыдата філалагічных навук. Выкладае ў Гуманітарным ліцэі імя Якуба Коласа. На 10 з’ездзе Партыі БНФ у снежні 2007 г. быў абраны старшынём Партыі. Займаецца шырокай перакладніцкай дзейнасцю са старажытнагрэчаскай, лацінскай, нямецкай, англійскай, французскай, польскай, іспанскай моваў. Пераклаў Эсхіла, Пэтрарку, Каўку, Брэхта, Ленаў, Бёля.

Зміцер Колас — беларускі перакладчык, літаратуразнавец і выдавец.
Нарадзіўся ў Мінску ў 1957 годзе, скончыў французскі факультэт Інстытута замежных моваў (1979), дзе пасля выкладаў і два гады вёў курс мастацкага перакладу. Загадваў выдавецтвам пры Беларускім гуманітарным ліцэі, з 1998 года працаваў галоўным рэдактарам прыватнага выдавецтва “Энцыклапедыкс”, выданнем кніг займаецца па сённяшні дзень.

Пятро Васючэнка — беларускі літаратуразнавец, крытык, празаік, драматург, эсэіст, казачнік і аўтар фэнтэзі.
Нарадзіўся пісьменнік у 1959 годзе ў Полацку. Скончыў факультэт журналістыкі Белдзяржуніверсітэта, аспірантуру пры Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы НАН РБ. Працуе загадчыкам кафедры беларускай мовы і літаратуры Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага універсітэта. Кандыдат філалагічных навук. Сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў, Саюза тэатральных дзеячаў Беларусі. У 2004 годзе П. Васючэнка стаў лаўрэатам адной з самых прэстыжных літаратурных узнагародаў Беларусі - прэміі "Гліняны Вялес", заснаванай Таварыствам Вольных Літаратараў (г.Полацк).