Бацькі збіраюць грошы на падтрымку беларускамоўнай групы ў дзіцячым садку і арганізуюць форум аб мове ў дашкольнай адукацыі. Вітаецца любы ўнёсак

19.12.2018
Беларуская мова ў дзіцячым садку

Праект "Вялікая місія маленькай Ядзвігі" - гэта задзіночанне бацькоў, якія хочуць забяспечыць дзецям магчымасць атрымліваць якасную дашкольную адукацыю на беларускай мове.

Каманда праекту – Яўген і Саша Бойка разам з Інай Мудрачэнка – маюць на мэце не толькі забеспячэнне групы ўсім неабходным для паўнавартаснага навучання (чытанкі, дзіцячыя энцыклапедыі, настольныя гульні і інш.), але і стварэнне агульнай пляцоўкі зацікаўленых у беларускамоўнай дашкольнай адукацыі і выпрацоўку супольнай стратэгіі пашырэння беларускай мовы у дзіцячых садках. Пры гэтым арганізатары не намагаюцца стварыць у садку выключна беларускамоўнае асяроддзе і лічаць, што неабходна захоўваць баланс дзвюх моў. “У навучанні і камунікацыі беларуская мова мае быць у 50%” – сцвярджае каманда праекту.

Чатырохгатовая Ядзвіся - дачка Іны - была адзінай цалкам беларускамоўнай дзяўчынкай у групе. "Спачатку мовы было вобмаль і Ядзя бянтэжылася сярод 20 астатніх дзетак" - кажа Іна. Тады Яздя з мамай прыдумалі гульню - дарыць дзеткам адно за адным беларускія словы. Такой была місія маленькай Ядзвігі.

Неўзабаве да групы далучыліся яшчэ некалькі беларускамоўных сямей, а выхавацелька загаварыла па-беларуску.

Іна, Яўген і Саша плануюць 2 крокі для дасягнення сваіх мэтаў:

  1. Набыццё кніг, абсталявання і гульняў для групы - чытанкі, дзіцячыя энцыклапедыі, кнігі беларускіх і замежных аўтараў, настольныя гульні і інш.
  2. Арганізацыя стратэгічнага форуму, удзельнікі якога змогуць планаваць беларускамоўную адукацыю для дзяцей. Час правядзенняпачатак лютага 2019 г.

Праект "Вялікая місія маленькай Ядзвігі" мае старонку на платформе “ulej.by”, дзе ўсе ахвотныя погуць падтрымаць яго дзейнасць. Каманда прапануе 6 варыянтаў унёскаў. Мінімальны ўнёсак – 6 BYN. Кожны данатар атрымае ад каманды ўзнагароджанне і будзе запрошаны на форум.

Каманда шануе дапамогу кожнага, хто гатовы натхняцца і дзейнічаць разам!

 

Больш інфармацыі пра праект "Вялікая місія маленькай Ядзвігі", унёскі і ўзнагароджанні можна знайсці тут.