Як паведамляе прэса бібліятэкі трох абласцей Беларусі адмовіліся прыняць у падарунак пяцітомнік Святланы Алексіевіч «Галасы ўтопіі», выдадзены сёлета на беларускай мове і без цэнзурных правак.
Збор грошай на «Галасы ўтопіі» пабіў беларускі рэкорд краўдфандынгу. Да кампаніі далучыліся 660 чалавек, якія агулам ахвяравалі 231 942 рублі, гэта 580% ад неабходнай сумы. Першапачаткова арганізатары кампаніі планавалі сабраць 40 000 рублёў.
Пры гэтым «Белгазпрамбанк» замовіў 15 000 асобнікаў кніг Алексіевіч для бязвыплатнай перадачы ў абласныя і раённыя бібліятэкі па ўсёй краіне.
Як паведаміў 20 снежня падчас прэс-канфэрэнцыі кіраўнік «Белгазпрамбанку» Віктар Бабарыка, першымі атрымалі падарункі бібліятэкі Віцебска і Віцебскай вобласці, а таксама Мінска і Мінскай вобласці. Аднак бібліятэкі трох абласцей краіны (Гродзенскай, Берасцейскай і Магілёўскай) ад кніг адмовіліся — маўляў ім і так хапае.
«Мы былі рэальна ў шоку, — сказаў Віктар Бабарыка, дадаўшы, што і ён, і яго калегі ў банку моцна разгубіліся, атрымаўшы адмову. — Чаму не трэба — задаваць пытанні няма каму і няправільна».
Некаторыя кіраўнікі спасылаліся на тое, што не прымаюць такія рашэнні самастойна, і ківалі на вышэйшае начальства — ідэолагаў. Тыя, у сваю чаргу, не змаглі даць выразны адказ, паколькі „не даюць каментары па тэлефоне“ або не валодаюць сітуацыяй
У адказ банк запусьціў кампанію па распаўсюдзе пяцітомніка «Галасы ўтопіі» сярод бібліятэк трох абласцей.