Беларускія школьнікі заваявалі сем медалёў на міжнароднай канферэнцыі юных вучоных у Куала-Лумпуры

03.05.2019

З 19 па 25 красавіка 2019 года ў Куала-Лумпуры (Малайзія) прайшла 26 міжнародная канферэнцыя юных вучоных ICYS (2019), на якой выступілі школьнікі з 26 краін свету з дакладамі па фізіцы, матэматыцы, інфарматыцы, біялогіі і экалогіі.

 

У спаборніцтве прынялі ўдзел каманды школьнікаў з Беларусі, Бразіліі, Галандыі, Грузіі, Германіі, Грэцыі, Гуама, Венгрыі, Індыі, Інданэзіі, Ірана, Макао, Малайзіі, Польшчы, Румыніі, Расіі (2 каманды), Сербіі, Сінгапура, Славеніі, Тайланда, Турцыі, Украіны, Францыі, Харватыі, Чэхіі, Шры-Ланкі.

Беларусь прадставіла шэсць дакладаў па матэматыцы, фізіцы і біялогіі. Залатыя медалі атрымалі вучань школы № 44 Гомеля Раман Роуба (фізіка) і вучань гімназіі № 71 Гомеля Аляксандр Пячэнкін (матэматыка). Срэбра - у вучня віцебскай гімназіі № 1 Іллі Няфёдава (фізіка), бронза - у вучня ліцэя БНТУ Кірылы Макаранка (фізіка) і вучня гімназіі № 38 Мінска Дзмітрыя Скарабагатага.

Акрамя таго, у намінацыі «За лепшы стэндавы даклад» журы канферэнцыі ўручыла медалі вучню гімназіі № 29 Антону Суравежкіну і Дзмітрыю Скарабагатаму.

- Такім чынам, упершыню ў гісторыі ўдзелу Беларусі ў міжнароднай канферэнцыі нашым шасцярым школьнікам удалося заваяваць сем медалёў, - адзначаюць кіраўнікі каманды Леанід Маркавіч, Віталь Жылко і Барыс Задворны.

 

Арыгінал артыкула па спасылцы