У Барысаве спрачаліся, дзе дзецям будзе лепей атрымліваць веды.
У межах курсаў па беларускай мове адбылася дыскусія на тэму хатняй адукацыі. Экспертам у гэтай галіне выступіла настаўніца хіміі і біялогіі Настасся Радзюк, матуля трох дзяцей.
Жанчына зараз знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку, даглядае дзяцей і дае ім неабходныя веды. Барысаўчанка суправаджае жанчын ў цяжарнасці, у родах і пасляродавым шляху. Таксама Настасся дапамагае жанчынам з грудным гадаваннем.
На сустрэчы Наста распавяла пар свой досвед, а таксама, як у Беларусі магчыма дзецям навучацца дома, як гэта працуе ў нашай краіне.
«Бацькі ствараюць умовы для навучання дзяцей»
— Дзіця, якое мае шмат часу, не вольнае. Час накіроўваецца на адукацыю, секцыі, кружкі, бацькоўскія кааперацыi. Хатняя адукацыя — гэта не значыць, што дзіця закрываюць дома, даюць 1000 кніг і кажуць: «Чытай». Гэта ўвогуле іншы падыход да дзіцяці з улікам яго асаблівасцяў і таго, што яму больш падабаецца, да чаго ў яго ёсць здольнасці. Астатняе трымаем на ўзроўні здаць, атрымаць неабходную адзнаку.
Зразумела, што адзінкі дзяцей будуць браць пропіс, падручнік і рабіць. Калі гэта будзе не цікава, яны выкінуць гэта і пойдуць на вуліцу. Матывацыю для дзяцей малодшай школы бацькі не робяць, але яны ствараюць умовы. Пачатковую школу можна ўзяць самім. Без дапамогі, але далей могуць падключацца спецыялісты або бацькоўскія кааперацыі. Напрыклад, адзін бацька добра ведае фізіку, мае шмат матэрыялу. Тады можна прыйсці да яго, сабраць некалькі дзяцей.
На думку эксперта, простыя ўсталяванні можна трымаць дома, калі дзецям падабаецца рабіць эксперыменты, чаму не. Навуковыя вопыты можна свабодна набыць у краме.
«Сацыялізацыя паўсюль, а школа — гэта частка сацыялізацыі»
— Што датычыцца сацыялізацыі, то па азначэнні гэта засваенне маленькім дзіцём тых нормаў і тых узораў паводзінаў, якія прыняты ў тым грамадстве, у якім ён знаходзіцца. Не мае значэнне, якое гэта дзіця: амерыканскае, беларускае ці інданезійскае.
Першая прыступка ў гэтай сацыялізацыі — гэта сям’я. Калі дзіця ідзе з намі ў бібліятэку, у краму, на канцэрт, у басейн, у госці да знаёмых ці родных, дзіця бачыць тыя нормы, якія падтрымлівае яго грамадства. Сацыялізацыя паўсюль, а школа — гэта частка сацыялізацыі.
Як гэта робіцца ў Беларусі
— У свеце ёсць шмат формаў, і мы паціху рухаемся да гэтага. У нас, напрыклад, ёсць экстэрнат (9-11 класы) і ёсць навучанне па індывідуальным плане. Надомнае навучанне для тых вучняў, якія фізічна не могуць наведваць школу (напрыклад, дзіця нагу зламала, або хворыя ад нараджэння дзеці). Таксама гэта могуць быць дзеці, якiя маюць дасягненні ў музыцы, спорце і іншых сферах: гэта будзе навучанне па індывідуальным плане, якое афармляецца ў школе па прынцыпу заявы.
Бацькі пішуць заяву, а дырэктар яе прымае. Састаўляецца графік атэстацыі завучамі і дырэктарам. Школа кантралюе, як дзіця ходзіць здаваць кантрольныя, піша самастойныя працы, прыносіць працы па другасных дысцыплінах, напрыклад, маляванню. Сам працэс, методыкі і сродкі залежаць ад бацькоў. Ім даецца прастора для творчасці.
«Тыя прадметы, якія дзіцяці падабаюцца, будуць ісці лепей, і іх будуць развіваць бацькі»
— Я не стаўлю для сябе мэту, каб дзіця вучылася на 9 і 10. Школьная адзнака — гэта мабільная штука. Сёння, напрыклад, балела галава, канешне, дзіця горш адкажа, чым па гэтым жа прадмеце адказала на мінулым занятку. Для тых, хто пераходзіць на хатнюю адукацыю, адзнакі займаюць другасную ролю.
Прадметы, якія дзіцяці падабаюцца, будуць ісці лепей, і іх будуць развіваць бацькі. Астатнія будуць трымаць на ўзроўні. Мы не робім школу ў пакою. Я склала графік у першую чаргу для сябе, каб было дастаткова часу на заняткі і хатнюю працу.
— Сябры, скажыце, ці патрэбна сучаснаму дзіцяці ісці ў школу?
Адказы ў аўдыторыі гучалі розныя, цікава было пачуць супрацьлеглыя пункты гледжання.
Першая за школьнае навучанне выказалася настаўніца з вялікім стажам:
— Малое дзіця да 10 гадоў можна і дома навучыць, але старэйшыя падлеткі, калі ты не спецыяліст, не абыйдуцца без школы. Школа — гэта самае галоўнае, як без яе. Гэта паказвае статус дзяржавы. Узровень дзяржавы, калі ўсе дзеці маюць магчымасць атрымліваць адукацыю. Калі іх няма, гэта сорам. Гэта даказала жыццё многімі стагоддзямі.
Дзеці таксама бываюць з рознымі здольнасцямі. Ёсць таленавітыя, яны могуць вучыцца дома. А ў школе не вельмі паспяховым будзе сорамна кепска вучыцца, таму ён будзе намагацца лепей вучыцца. Школа вельмі патрэбная рэч.
Яе падтрымала Валянціна, настаўніца беларускай мовы:
— Школа дысплінуе дзяцей. Вось дзіцю трэба падняцца а 8 раніцы, сабрацца, быць апранутым, ён павінен за сабой сачыць. Гэта ўсё выхоўвае пэўным чынам. І на выхадзе мы маем чалавека, які павінен трымаць сябе ў форме, і таго, якi лепш паспiць. Зараз школьная адукацыя накіравана не на тое, каб засвойваць праграму, а для таго, каб самім знаходзіць тую інфармацыю. Не ў гатовым выглядзе.
Зараз нашы ВНУ рыхтуюць спецыялістаў, якія павінны былі быць учора, а не сёння. Рух ідзе наперад. Для гэтага трэба працаваць у камандзе, а дзе, як не ў школе навучышся працы ў камандзе? Я доўга была ў камісіі, якая прымала экстэрнатаў. Узровень адзінаццацікласнікаў і экстэрнатаў — гэта абсалютна розныя рэчы.
Барыс лічыць, што дзяржава дзяцей бацькам ніколі не дасі:
— Я мала што ведаю пра хатнюю адукацыю, але пра сучасную адукацыю скажу тое, што мы жывем у дзяржаве, і дзяржава не дасі ніколі дзіцёнка ў хатняе выхаванне. У першую чаргу супраць гэтага настаўнікі, бо гэта іх хлеб, і яны ніколі не пагадзяцца яго аддаць. Да, сучасная адукацыя горш за тую, што была, але мы вам дзяцей не дамо. Нават у суботу хадзіце ў школу. Прыйдуць у дом і сілком забяруць, прыйдуць з міліцыянерамі.
Людміла, настаўніца беларускай мовы, не згодная з меркаваннем Барыса:
— Дзяржаўная адукацыя мае рацыю. Як бы там ні было, але дзіця адаптаванае дома, не мае сацыялізацыі. Дзеці ж павінны з аднагодкамі мець зносіны, каб быць адаптаванымі. Ім трэба прызвычацца да сацыяльнага жыцця. Мы жывем у дзяржаве, тут улічваюцца розныя ступені навучання. Калі мы далей будзем планаваць вучыцца, то могуць узнікнуць пытанні, бо хатняя адукацыя не мае ніякага ўрэгуляванага статусу.
Сяргей, малады бацька:
— Няўжо без сацыялізацыі дзіця згіне? Добра, калі я дамо дзіця ў садок ці школу, і там усе дзеці будуць адэкватныя. Проста як па сабе ведаю. Дзеці бываюць такія, што іншыя дзеці сапсуюцца. Такая адукацыя ў Беларуси, і такі падыход, што настаўнікі і выхавацелі сталі самым ніжэйшым класам, зарабляюць мала, самыя пакрыўджаныя. Гэта я бачыў 11 гадоў, калі навучаўся ў школе. У садок прыходзіш, а яна там сядзіць у тэлефоне, 300 рублёў атрымала, а што ёй яшчэ рабіць? Карацей, шмат праблем, можа, тады лепей дома навучаць дзіця?
— Ну 300 рублёў — гэта многа, мая знаёмая за 200 працуе! — кажа дзяўчына побач.
Настасся, выкладчыца і маладая маці:
— Я, канешне, за хатнюю адукацыю. Бачу ў гэтым больш якасную адукацыю для дзіця. Усе мы вучыліся ў школе, успаміны засталіся не вельмі прыемныя. Усе гэтыя шматлікія прадметы нам не асабліва патрэбны.
Хатняя адукацыя мае шмат плюсаў, напрыклад, ты можаш вывучаць тыя прадметы, якія табе больш цікавыя, а астатнія проста здаваць, каб атрымаць адзнакі, а потым атэстат. У дзяцей з’яўляецца больш вольнага часу, які можна выкарыстоўваць карысна: займацца музыкай, спортам, танцамі, мастацтвам і гэтак далей.
Дзецям не трэба сядзець з васьмі да пяці ў школе, а потым прыходзіць ледзь жывымі і рабіць хатнія заданні. Навошта так здзекавацца над вучнямі? На жаль, большая частка не паспявае, а на наступны раз ніхто не будзе пытацца, ці паспеў ты.
Настасся Радзюк пачула адказы і напрыканцы дадала:
— Шмат чаго залежыць ад бацькоў. Дзіця на хатняй адукацыі не сядзіць толькі дома. Наадварот, яно больш паспявае, чым тое, якое з 8 да 17 знаходзіцца ў школе. Дзіця, якое навучаецца па індывідуальным плане, бачыць больш. Падлетак сам выбірае, куды яму ісці. Напрыканцы хачу пажадаць усім шчасця і нагадаць, што ўсё роўна выбар навучання залежыць ад бацькоў.
Настасся Аляксандрава, фота аўтара
Арыгінал артыкула па спасылцы