Як расказаў журналісту «Звязды» начальнік вучэбна-метадычнага ўпраўлення Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў Аляксандр ЯКАБЧУК, па стане на 15 гадзін 29 мая свой намер удзельнічаць у цэнтралізаваным тэсціраванні аформілі ўжо больш за 67,4 тысячы чалавек: яны зарэгістраваліся на 226,8 тысячы чалавека-тэстаў. У параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года адставанне складае прыблізна 5 тысяч чалавек.
Традыцыйна самай масавай дысцыплінай на ЦТ будзе руская мова — на яе зарэгістраваліся ўжо больш за 55 тысяч чалавек. Для параўнання: беларускую мову выказалі жаданне здаваць 19 345 абітурыентаў. Другая па папулярнасці дысцыпліна — матэматыка (37 149 рэгістрацый). На фізіку аформлена ўжо 21 772 пропускі, на біялогію — каля 22 тысяч, гісторыю Беларусі — 17 705. Здаваць гісторыю на роднай мове будуць толькі каля пяці працэнтаў ад агульнай колькасці тых, хто прайшоў рэгістрацыю. На іншых прадметах беларускую мову выбіраюць яшчэ менш абітурыентаў.
Між іншым, выбар мовы, на якой абітурыент жадае здаваць тэсты, ажыццяўляецца яшчэ на этапе падачы заявы і рэгістрацыі на ЦТ. Заява запаўняецца ўдзельнікам ЦТ на адной з дзвюх дзяржаўных моў: беларускай ці рускай на выбар. Трэба мець на ўвазе, што пазней зона рэгістрацыі бланка адказаў будзе запаўняцца абітурыентам на той жа мове, на якой была пададзена заява пры рэгістрацыі. І сертыфікат удзельніка ЦТ будзе запаўняцца таксама на той мове, на якой падавалася заява.
У абітурыентаў ужо не першы год ёсць магчымасць здаваць на ЦТ чатыры дысцыпліны замест трох. Аляксандр Якабчук паведаміў, што на кожнага абітурыента прыпадае ў сярэднім 3,4 тэста. Хтосьці вырашыў здаваць і рускую, і беларускую мовы, каб потым выбраць лепшы з двух сертыфікатаў. Аляксандр Якабчук нагадаў, што да завяршэння рэгістрацыі, гэта значыць да 1 чэрвеня, у абітурыента ёсць права змяніць «камплект» экзаменацыйных дысцыплін. Для гэтага трэба звярнуцца ў пункт рэгістрацыі з пропускам па тым прадмеце, які трэба замяніць, і аформіць пропуск для ўдзелу ў ЦТ па іншай дысцыпліне. Другі раз аплачваць рэгістрацыйны ўзнос не патрабуецца. А вось калі абітурыент перадумаў здаваць ЦТ, то грошы яму не вяртаюцца. У выпадку страты пропуска на ЦТ таксама трэба звяртацца ў пункт рэгістрацыі, каб атрымаць яго дублікат.
Трэба мець на ўвазе, што пропуск для ўдзелу ў цэнтралізаваным тэсціраванні лічыцца зарэгістраваным, калі на ім стаяць пячатка ўстановы, вызначанай пунктам рэгістрацыі на ЦТ, подпіс упаўнаважанага прадстаўніка пункта рэгістрацыі і ўказаны рэгістрацыйны нумар.
У некаторых ВНУ на сённяшні дзень ужо цалкам запоўніліся месцы для праходжання абітурыентамі цэнтралізаванага тэсціравання па тых ці іншых прадметах. «Але абітурыентам хвалявацца не трэба, — заспакойвае Аляксандр Якабчук, — без месца яны дакладна не застануцца. Аўтаматызаваная сістэма рэгістрацыі працуе па прынцыпе «аднаго акна»: сама шукае пасадачныя месцы і падказвае рэгістратару, у якіх навучальных установах можна здаць тыя ці іншыя прадметы».
Першае ЦТ абітурыенты будуць здаваць 11 чэрвеня па беларускай мове. ЦТ па рускай мове пройдзе 13 чэрвеня.
Надзея НІКАЛАЕВА
Фота Марыны БЕГУНКОВАЙ
Арыгінал артыкула па спасылцы