Дзве беларускія арганізацыі «Прававая ініцыятыва» і «Дзея» аб’ядналіся дзеля абсалютна незвычайнага праекту. Прыцягнуць увагу да праблемы парушэння правоў чалавека яны вырашылі… сэрыялам пра міліцыю, а дакладней пра паліцыю неіснуючай дзяржавы Рэспубліка Комія.
Сябра праўленьня «Прававой ініцыятывы» і выканаўца загалоўнай ролі Сьцяпаныча Сяргей Усьцінаў кажа, што асноўнай мэтай аўтараў было данесці тэму правоў чалавека да шырэйшага кола людзей і ахапіць праблемы парушэньня правоў чалавека з боку супрацоўнікаў праваахоўных органаў у постсавецкіх краінах.
На прыкладах з сэрыяла паказваецца як тыя ці іншыя дзеянні герояў парушаюць правы чалавека, а ў канцы кожнай серыі ёсць апісанне парушэнняў са спасылкай на міжнародныя стандарты правоў чалавека.
Сэрыі кароткія і ўвесь сэрыял глядзіцца на адным дыханні.
«Мы выношвалі ідэю вельмі доўга. Зьняць „гаваручую галаву“, якая будзе вяшчаць пра парушэньні правоў чалавека, прасьцей простага. Але такое глядзець ня будуць. Таму мы і абралі фармат мастацкага фільму», — кажа Сяргей Усьцінаў.
Уся каманда, якая працавала над праектам, складалася з 24 чалавек.
«У нас не было бюджэту, і таму каманда была абмежаваная ў выбары актораў, але намагаліся падысьці з пэўным прафэсіяналізмам. Хтосьці з актораў ужо здымаўся раней, для кагосьці „Степаныч“ стаў першым такім досьведам. Таму, што ў нас не было грошай для ганарараў, я сам быў вымушаны зьняцца ў галоўнай ролі», — кажа Сяргей Усьцінаў.
Сярод пазнавальных твараў — былы сьледчы пракуратуры Фрунзенскага раёну Менску, больш вядомы як праваабаронца, Алег Воўчак.
Кадры з сэрыяла
Сярод дэбютантаў — выканаўца галоўнай жаночай ролі Юлія Швабовіч. Дзяўчына сканчае вучобу ў Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце па спэцыяльнасьці «Міжнароднае права». Юлія цікавіцца правамі чалавека і супрацоўнічае з «Прававой ініцыятывай». У асноўным дзяўчына дапамагае пісаць скаргі, часьцей за ўсё на адмову ў юрыдычнай дапамозе і на катаваньні.
Пад час прэзентацыі серыяла
Пад час прэзентацыі сэрыяла. Старшыня РГА "Прававая ініцыятыва" Вікторыя Фёдарава і сябра праўлення РГА "Прававая ініцыятыва" і выканаўца галоўнай ролі Сяргей Усьцінаў
Індыкатарам посьпеху стваральнікі лічаць ня колькасьць праглядаў і лайкаў, а колькасьць людзей, якія пачнуць адстойваць правы чалавека, паглядзеўшы сэрыял.
Усе 10 сэрый «Степаныча» можна паглядзець на YouTube-канале