Беларусы Варшавы мараць пра школу з беларускай мовай для сваіх дзяцей

06.06.2019

 

У Варшаве жывуць тысячы беларусаў. Пераважна гэтыя людзі імігруюць у пошуках лепшага жыцця, працы, а калі ўжо асядуць у Польшчы, завядуць сям’ю, дзяцей, некаторыя з іх пачынаюць шукаць магчымасці пазнаёміць сваіх нашчадкаў з культурай і мовай продкаў. Група варшаўскіх беларусаў думае зладзіць школу для сваіх дзяцей.

 

Другі год у Варшаве дзейнічае суботняя школа беларускай мовы. У некалькіх групах вучацца дзеці розных узроставых катэгорый, ад дашкольнікаў да падлеткаў. Іх бацькі – гэта пераважна беларусы, якія пераехалі жыць у Польшчу з Беларусі, але таксама палякі беларускага паходжання з Беласточчыны. Аднак, на думку бацькоў, заняткі адзін раз у тыдзень – гэта мала, і выдатна было б заснаваць сапраўдную школу, дзе дзеці маглі б на працягу тыдня, паралельна з польскай школьнай праграмай, вучыць беларускую мову, а таксама пазнаваць культуру, гісторыю і традыцыі беларускай дзяржавы. Дзеля таго, каб пазнаёміцца з досведам арганізацыі такой адукацыйнай установы, надоечы была зладжаная паездка ў Беласток, дзе існуюць школы з дадатковай беларускай мовай навучання. Пра мэты паездкі гаворыць Караліна Лукашэвіч.

К. Лукашэвіч: Мы прыехалі ў Беласток, каб вучыцца ад больш дасведчаных людзей. Я не хачу параўноўваць, якая меншасць лепшая – беластоцкая ці варшаўская. Яны іншыя, мы маем іншыя магчымасці. Шмат залежыць ад самакіравання, ад лагістычных пытанняў. Беласток – меншы горад, дзяцей можна вазіць ад панядзелка па пятніцу ў такую школу, у Варшаве – не. Таму ніколі ў нас заняткі ня будуць выглядаць так, як у Беластоку, але гэта не азначае, што яны будуць горшыя, толькі іншыя. Шмат чаму мы можам навучыцца, гэтыя сустрэчы далі нам моцныя веды, шырэйшае бачанне, як гэта павінна развівацца. Тут школа мае 10-гадовы досьвед, мы працуем другі год, але яны таксама пачыналі з 12 дзетак. Цудоўна было б праз 10 гадоў мець у Варшаве беларускую школу.

Настаўніца беларускай мовы ў комплексе школ святых Кірыла і Мяфодзія ў Беластоку Яанна Марко паказала варшаўскім гасцям школу, распавяла, як стваралася ўстанова, як выглядае працэс вывучэння беларускай мовы.

Я. Марко: Галоўная ідэя стварэння школы была такая, што праваслаўныя бацькі з Беластока захацелі, каб іх дзеці вучыліся ў такой школе, дзе, акрамя прадметаў, як у іншых школах, было накіраванне на веру. Яны сабраліся і заснавалі школу. Тады гэта быў адзін клас, але школа развівалася, узровень навучання быў добры, людзі пачулі, што такая школа есць, і пачалі запісваць сюды сваіх дзяцей. Цяпер у нас больш за сотню дзяцей, каля 100 вывучаюць у якасці дадатковай мовы беларускую, астатнія – украінскую. Акрамя таго, дзве мовы замежныя – ангельская і расійская. У нас многа дзяцей пасля беларускага садка, яны працягваюць вывучэнне беларускай мовы, яны ведаюць мноства вершыкаў, песняў, гульняў на беларускай мове.

 

Хор

Школьнікі пахваліліся сваімі вакальнымі здольнасцямі, даючы наведвальнікам з Варшавы міні-канцэрт. Вершы, песні, культура – гэта канешне, вельмі важна, аднак важна таксама, каб дзеці, якія вывучаюць беларускую мову ў Польшчы, маглі выкарыстаць у будучым свае веды таксама ў тэхнічных галінах, калі гэта іх цікавіць, – адзначае Уладзімір Міхневіч.

У. Міхневіч: Істотай навучання беларускай мовы павінен быць працяг гэтай навукі. Вершы, граматыка, паэзія – гэта добра, але не хапае таго, каб дзеці пасля заканчэння навучання выкарысталі свае веды ў галіне, якая іх цікавіць. Напрыклад, хтосьці хоча стаць астрафізікам – ён ідзе ў беларускі планетарый і займаецца распрацоўкай зорнага неба. Як гэта зрабіць, калі ў Беларусі няма ніводнай ВНУ па-беларуску? У гэтым асноўная праблема. Мы, бацькі невялічкай групы дзяцей, ня зможам гэтага стварыць, мы можам толькі падрыхтаваць дзяцей, каб яны ў гэты працэс уліліся.

Варшаўскія беларусы маглі таксама пазнаёміцца зь Беластокам, яго гісторыяй, у тым ліку гісторыяй беларускага жыцця ў горадзе. Экскурсію правёў Аляксей Трубкін, якія падрыхтаваў праграму экскурсіі па Беластоку «беларускім шляхам».

А. Трубкін: У Беластоку з пачаткам 20-га стагоддзя пачаў арганізоўвацца беларускі рух, у 20-30-ыя гады з'яўляюцца першыя арганізацыі. Гэта ў першую чаргу Таварыства беларускай школы, якое змагалася за стварэнне беларускіх школ. Вось, ратуша, якую вы бачыце, у 1939 годзе была разабраная саветамі пасля акупацыі ўсходняй часткі Польшчы і далучэння яе да БССР. Плошчу расчысцілі, каб была магчымасць ладзіць парады. Меркаваннем некаторых гісторыкаў, тут планавалі паставіць помнік Сталіну. Захаваўся будынак, у якім праходзіў з'езд Заходняй Беларусі. Гэта, канешне, была шырма, бо ўсё ўжо было вядома загадзя, дэлегаты нічога не вырашалі.

 

Вось так выглядаў візіт варшаўскіх беларусаў у Беласток, дзе яны пазнаёміліся з навучаннем беларускай мове ў Недзяржаўнай школе імя святых Кірыла і Мяфодзія, а таксама ў Публічнай пачатковай школе нумар 4.