У Беларусі зацверджаны санітарна-эпідэміялагічныя патрабаванні да ўтрымання і эксплуатацыі ўстаноў адукацыі, яны замацаваны ў пастанове ўрада ад 7 жніўня, паведамляе interfax.by.
Што да школ, то адным з момантаў, рэгламентаваны пастановай, з'яўляецца забарона другой змены ў I, II, V, IX—XI класах, а таксама ў VIII класах з вывучэннем асобных вучэбных прадметаў на павышаным узроўні.
Другая змена дапускаецца ў VI—VII класах пры ўмове забеспячэння аптымальнага рэжыму навучання. «Факультатыўныя заняткі на працягу навучальнага тыдня павінны праводзіцца ў дні з найменшай колькасцю вучэбных заняткаў», — гаворыцца ў пастанове.
Дакументам забараняецца правядзенне заняткаў па фізкультуры цягам двух дзён запар у адным класе і больш за адзін раз на тыдзень першымі або апошнімі навучальнымі заняткамі.
Навучальныя прадметы, якія патрабуюць вялікага разумовага напружання, засяроджанасці і ўвагі (матэматыка, руская, беларуская, замежная мовы), павінны вывучацца ў I—IV класах пераважна на другім і трэцім уроках.
У V—XI класах кожны з прадметаў, якія патрабуюць вялікага разумовага напружання, засяроджанасці і ўвагі (матэматыка, руская, беларуская, замежная мовы, фізіка, хімія), дапускаецца вывучаць на першым ці апошнім навучальным занятку не часцей за адзін раз у тыдзень у адным класе.
Згодна з пастановай, вучні I—IV класаў не павінны сядзець увесь год на адным месцы, двойчы (у верасні і студзені) іх павінны рассаджваць з улікам росту і рэкамендацый доктара.
У пастанове таксама замацавана, што кантрольныя работы (за выключэннем устаноў для дарослых), курсавыя работы, залікі і экзамены павінны праводзіцца ў адпаведнасці з графікам і не больш чым па адным вучэбным прадмеце ў дзень у адным класе/групе.
Забароненыя кантрольныя, залікі, абарона курсавых і г.д. у пятніцу і на апошніх гадзінах вучэбных заняткаў.
Арыгінал артыкула па спасылцы