Больш за 5 тысяч чалавек падпісаліся за адстаўку міністра адукацыі

04.05.2020

Тэкст петыцыі: 

Лічым, што Міністр адукацыі Ігар Карпенка не справіўся з выклікамі, якія ўзніклі праз пандэмію каранавіруса.
 
Па-першае, не здолеў арганізаваць дыстанцыйнае навучанне школьнікаў і студэнтаў.
 
Па-другое, не здолеў забяспечыць бяспеку школьнікаў, студэнтаў, настаўнікаў і выкладчыкаў (шмат якім больш за 60 год) праз адмену альбо перанос заняткаў.
 
Па-трэцяе, праз неразумную, на наш позірк, палітыку Міністэрства адукацыі нагрузка на настаўнікаў узрасла ў два разы, бо прыходзіцца раніцай вучыць тых школьнікаў, што прыйшлі на заняткі, а вечарам правяраць класныя і хатнія працы тых школьнікаў, якія робяць заданні дома. Пры гэтым заробкі настаўнікаў засталіся на тым жа ўзроўні.
 
Па-чацвёртае, Міністэрства адукацыі не мае дакладнай пазіцыі адносна арганізацыі адукацыйнага працэсу і яго дзеянні нагадваюць хістанні.
 
Па-пятае, інструкцыя праводзіць атэстацыю школьнікаў за тры чвэрці са складаннем сярэдніх балаў за тры чвэрці і дзяленнем гэтых балаў на чатыры (для тых, хто не ходзіць у школу ў чацвёртай чвэрці праз самаізаляцыю), мяркуем, з'яўляецца дыскрымінацыйнай у дачыненні да школьнікаў і з'яўляецца ідэалагічнай, каб падштурхнуць бацькоў адпраўляць вучняў на заняткі, чым ацэньваць іх веды па адзнакам.
 
Па-шостае, Міністэрста адукацыі, па нашых дадзеных, не праверыла тэхнічныя магчымасці школьнікаў і студэнтаў для ўвядзення дыстанцыйнай адукацыі і не арганізавала выдачу патрэбнага абсталявання тым, хто мае ў гэтым патрэбу (планшэтаў).
 
Па-сёмае, Міністэрства адукацыі, па нашай інфармацыі, не прадпрымала спробаў арганізаваць бясплатны Інтэрнэт для настаўнікаў, выкладчыкаў і школьнікаў пры дыстанцыйнай адукацыі.
 
У сувязі з вышэй пералічанымі абставінамі лічым, што Міністр адукацыі Ігар Карпенка павінен сысці ў адстаўку, а ў краіне павінна быць арганізавана дыстанцыйнае навучанне з улікам усіх пералічаных у звароце пунктаў.
 
Збор подпісаў працягваецца. У хуткім часе петыцыя будзе накіравана ў адміністрацыю кіраўніка дзяржавы. 
Крыніца інфармацыі https://petitions.by/petitions/3912