З Днём ведаў, дарагія калегі!

01.09.2020
Паважаныя педагогі!
Дарагія навучэнцы і бацькі!
Прыміце самыя шчырыя віншаванні з Днём ведаў.
1 верасня – асаблівы святочны дзень, з якога пачынаецца дарога ў захапляльны свет ведаў.  Сёлета ён незвычайны. Бо за час летніх канікул краіна змянілася, за ёй зменіцца і школа. Наперадзе ў нас новы навучальны год. Няхай ён будзе напоўнены не толькі клопатамі, але і радасцю пазбаўлення ад хлусні, прыпісак, прымусовых суботнікаў і псеўдапатрыятычных арганізацый. Мы толькі на пачатку шляху ачышчэння нашай школы ад баласта ідэалогіі і бюракрытыі,. 
Жадаем усім вам, дарагія сябры, моцнага здароўя, дабрабыту, шчасця, новых дасягненняў у працы і вучобе. Няхай новы навучальны год будзе напоўнены радасцю, яркімі падзеямі, адкрыццямі і доўгачаканымі пераменамі.  Мы абавязкова пераможам! 
Ваш Nastaunik.info
 
 
З 2020-ЫМ ДНЁМ ВЕДАЎ
Сяржук Сокалаў-Воюш
 
Цяжэй за ўсё вучыць і навучыць,
І незвычайна лёгка павучаць...
Ды ёсць адважны – той, хто не маўчыць,
А ёсць нясмелы – як не прамаўчаць?..
 
А, прамаўчаўшы, як сказаць затым:
Адкіньце страх! Радзіма кліча вас!
Няшчыра быць і грэшным і святым
У той жа самы вызначальны час...
 
Настаўнік! Педагог! Навукаў бог....
І незвычайных ведаў уладар,
Ён вучыць і вядзе да перамог,
Уласны прыклад – вось яго штандар.
 
А павучальнік... Гэты як павук:
Пляце цянёты, ловіць з-за вугла...
Ён раб з рабоў, яму не да навук...
Ён мікра зло – прыслужнік мега зла.
 
Не дайце злу ваш дух заваражыць,
Хай згіне меркантыльнасці чарвяк,
Не дайце павучаць сябе як жыць,
Як працаваць... Вы ж ведаеце як!