У Бярозаўскім раёне звальняюць адразу чатырох дырэктараў школ

23.12.2020

У Бярозаўскім раёне звальняюць адразу чатырох дырэктараў школ: дырэктарку Бярозаўскай базавай школы Іну Жуковіч, дырэктара Здзітаўскай сярэдняй школы Віталя Жуковіча, дырэктарку СШ № 3 Белаазёрску Святлану Карповіч і дырэктара СШ № 1 Бярозы Мікалая Жуковіча.

Начальнік аддзелу адукацыі Бярозаўскага райвыканкаму Аляксандар Шымчук сказаў журналістам, што дырэктары напісалі заявы па ўласным жаданні, стаміліся, напэўна. A тое, што дырэктары звольніліся, гэта сенсацыя? Я тут сенсацыі ніякай не бачу. Самі дырэктары напісалі па ўласным жаданні, я не бачу ніякай праблемы».

Мікалай Жуковіч, як сказалі ў аддзеле адукацыі, пакуль працуе, заяву ён пакуль не напісаў. На сайце change.org размешчана петыцыя з патрабаваннем спыніць звальненне дырэктараў. Бацькі школьнікаў і самі школьнікі выказваюць у ёй падтрымку Мікалаю Жуковічу. У сацыяльных сетках выказваецца меркаванне, што Мікалай Жуковіч трапіў у апалу нібыта за тое, што ня ўзяў удзелу ў праўладным мітынгу. У аддзеле адукацыі параілі звяртацца да самога Мікалая Жуковіча, аднак пагутарыць з ім пакуль не ўдалося.

Дырэктаркі Іна Жуковіч і Святлана Карповіч ад каментароў адмовіліся. Сайт 1reg.by паведамляе, што ў Бярозаўскай базавай школе працавала выбарчая камісія, якую ўзначальвала дырэктарка, і там на выбарах перамагла Святлана Ціханоўская. На ўчастку, які быў у Белаазёрскай СШ № 3, таксама перамагла Святлана Ціханоўская.

Віталь Жуковіч сказаў журналістам, што яго звальняюць і 24 снежня ў яго апошні дзень працы.

«Я не планаваў звальняцца, для мяне асабіста гэта было нечаканасцю. Ніякіх думак пра звальненне не было. Гэта прымус да звальнення», — сказаў Віталь Жуковіч.

У сацсетках выказваецца меркаванне, што падставай для звальнення стала тое, што дырэктар быў у ініцыятыўнай групе Віктара Бабарыкі.

«Я зацікаўлены і хачу працаваць на пасадзе дырэктара, мяне падтрымлівае калектыў і мясцовая супольнасць, яны бачаць нашу працу. Я працую дырэктарам ужо каля 14 гадоў. І тое, што, маўляў, адначасова «стаміліся» чатыры дырэктары Бярозаўскага раёна, не вытрымлівае крытыкі. Не стаміліся, ніводзін з дырэктараў школ не стаміўся», — сказаў ён.

Віталь Жуковіч спачатку адмовіўся пісаць заяву па згодзе бакоў, але потым «пабачыў разьвіцьцё падзей, пачаўся нейкі ціск».