Як размаўляць з дзецьмі пра вайну. Парады псіхолага

18.03.2022

Вольга Вялічка – псіхолаг з Гродна. Калі створаны ёю дзіцячы хоспіс імя святога Губерта ўлады Беларусі зачынілі праз актыўную грамадзянскую пазіцыю заснавальніцы, яна пераехала разам з сям’ёй у Вільню. Спадарыня Вольга адказвае на пытанні: «Як размаўдяць з дзецьмі пра вайну? Ці размаўляць з дзецьмі пра такое недзіцячае пытанне ўвогуле?».

Фота 1.jpg

 

Па словах Вольгі, зараз бацькі выбіраюць розныя шляхі камунікацыі. Ад варыянту «зусім не размаўляць, не грузіць дарослымі пытаннямі» да варыянту «як правільна перавязваць раны».

Ці трэба ўвогуле размаўляць пра вайну з малымі?

–  Так, безумоўна, трэба – гаворыць псіхолаг. – Бо, калі дзеці не возьмуць інфармацыю ў сям’і, інфармацыя будзе здабыта ў TikTok або яшчэ дзе ў інтэрнэце ці школе без гарантый на адэкватнасць.

Як размаўляць?

Спакойна. На ўласным прыкладзе паказваць, што праблема існуе, але вы не панікуеце. Дзеці – маленькія люстэркі. Калі вы будзеце ў роспачы бегаць па хаце і плакаць, дзеці спужаюцца яшчэ болей за вас. Наколькі гэта магчыма, захоўвайце спакой.

З той самай прычыны, выконвайце наступнае правіла: будзьце ўпэўненыя пры размове. Калі мама і тата разгубленыя, дзеці могуць быць у паніцы. Бацькі – гэта базавая абарона, вельмі важна, каб яна ў вачах дзіцяці заўсёды была надзейнай і грунтоўнай.

Вольга Вялічка звярнула ўвагу на тое, што беларускія дзеці, добра гэта ці кепска, крыху больш падрыхтаваныя да становішча небяспекі, бо ў іх ёсць досвед перажывання падзей 2020-га.

Размаўляць трэба яшчэ і таму, што дзеці не знаходзяцца ў інфармацыйным вакууме. Дзеці ходзяць ў школу, садок або на дзіцячую пляцоўку. Яны чуюць размовы дарослых. Яны чуюць тэлевізар. І яны будуць задаваць пытанні.

Часцей за ўсё бацькі могуць пачуць:

–  А на нашу краіну нападуць ворагі?

–  А ці страшна паміраць?

–  Што мне рабіць, калі вас возьмуць у палон?

Трэба адказваць.

Але псіхолагі раяць адказваць роўна столькі, колькі спыталі ў вас дзеці. Не варта разгорнута маляваць магчымыя наступствы. Важна паказаць, што вы гатовыя да любога развіцця падзей. Можна расказаць або нават зладзіць дыскусію на тэму «Чаму бываюць войны?». Паглядзець мультфільм, падыходзячы па ўзросце фільм або прачытаць кніжку.

Набываем веды – набываем спакой.

Коратка галоўнае

Давайце падсумуем асноўнае:

1.     Будзьце прыкладам. Спакойным і упэўненым.

2.     Адказвайце на пытанні але без «маляўнічых падрабязнасцей»

3.     Самі размаўляйце, чытайце, паказвайце. Не давярайце фарміраванне карціны свету вашага дзіцяці сацсеткам, школе, вуліцы і інш.

І хай патрэба ў такіх лекцыях як мага хутчэй скончыцца.

Алег Мысліўчук,