У адзінаццацікласніка з жодзінскай гімназіі № 1 Аляксея Чэрніка — незвычайнае хобі. Некалькі гадоў таму бацькі падарылі яго малодшаму брату тэлескоп. Але падарунак аказаўся для малога занадта «разумны», таму той хутка страціў да яго цікаўнасць. А вось Аляксей часцяком падыходзіў да аптычнага прыбора і назіраў за начным небам. Не выключана, што тэлескоп так і мог застацца проста дарагой цацкай у сям’і, дзе выхоўваюцца трое дзяцей, калі б юнак не захапіўся астранамічнай фатаграфіяй. Летась ён даслаў свае работы на найбуйнейшы ў свеце конкурс астрафатаграфіі «Астранамічны фатограф года», які праводзіцца брытанскай Каралеўскай абсерваторыяй у Грынвічы. І з першай спробы яго здымак трапіў у шорт-ліст з дванаццацці фотаработ у маладзёжнай намінацыі для ўдзельнікаў ва ўзросце да 16 гадоў. Канкурэнцыю ў шорт-лісце яму склалі школьнікі з Кітая, ЗША і Вялікабрытаніі.
Пра гэты конкурс мне расказала мой настаўнік фізікі Эла Мікалаеўна Якубоўская і прапанавала ў ім паўдзельнічаць. Я нічога не вывучаў, спецыяльна для конкурсу не здымаў, адабраў дзесяць сваіх астранамічных здымкаў і адаслаў. А потым стаў чакаць. Усяго ў конкурсе спаборнічалі тры тысячы фатаграфій, зробленых фатографамі з 67 розных краін. Спачатку з’явіўся шорт-ліст з дванаццаці найлепшых адабраных работ, з якіх потым і выбіралі пераможцу ў маладзёжнай намінацыі (гэта быў сумесны здымак, зроблены двума школьнікамі з Кітая). У адрозненне ад дарослага конкурсу, дзе вызначаюцца абсалютны пераможца і пераможцы ў 11 намінацыях, у маладзёжным конкурсе выбіраюцца адзін пераможца і тры прызёры. Кожнаму дазвалялася заявіць на конкурс да дзесяці фотаработ. У мяне «выстраліў» здымак з кратарамі на Месяцы. Здавалася б, самы даступны для здымак аб’ект Сонечнай сістэмы, але журы мой здымак чымсьці зачапіў. Таму лічу сваё пападанне ў шорт-ліст высокай ацэнкай, — канстатуе Аляксей.
Два гады таму Лёша абраў у гімназіі фізіка-матэматычны профіль. Нацэліўся паступаць на фізічны факультэт БДУ. Пакуль вагаецца паміж спецыяльнасцямі «фізіка, даследчая дзейнасць» і «камп’ютарная фізіка». Прызнаецца, што хацеў бы развівацца і ў астранамічным кірунку, але пакуль не ведае, як тое зрабіць у Беларусі, бо абсерваторый у нас няма. Пад кіраўніцтвам свайго настаўніка астраноміі Аляксея Паўлавіча Бычкоўскага Лёша рыхтаваўся да рэспубліканскай алімпіяды па астраноміі, на абласным этапе ўзяў дыплом другой ступені і прайшоў у заключны этап. Яго настаўнікі кажуць, што астраномія — гэта фізіка ў космасе, а матэматыка — мова, на якой размаўляе фізіка. Ён пагаджаецца, кажа, што веданне фізікі абавязковае і для астранамічнага фатографа. З матэматыкай таксама сябруе...
— Увогуле магчымасці аматарскай астраноміі абмежаваныя той тэхнікай, якая ёсць у цябе ў наяўнасці, — расказвае Аляксей. — Тэлескоп збірае святло, якое ідзе ад доследнага аб’екта, а таксама забяспечвае магчымасць вывучаць яго дробныя дэталі, недаступныя няўзброенаму воку. Чым слабейшыя аб’екты дае магчымасць убачыць тэлескоп, тым большая яго пранікальная сіла. Здольнасць тэлескопа адрозніваць дробныя дэталі — вельмі важная. Я карыстаюся телескопам Celestron powerseeker 80eq. Дарэчы, з усіх маіх канкурэнтаў на конкурсе «Астранамічны фатограф года» ў мяне, як я даведаўся, быў самы просценькі аптычны прыбор. Усе фотаздымкі, што падаюцца на конкурс, суправаджаюцца інфармацыяй пра тое, дзе, калі і на якой тэхніцы яны былі зроблены. Я, шчыра кажучы, быў уражаны тым, што мая работа была адзначана на такім высокім узроўні.
Юнак расказвае, што для звычайнага назірання за небам дастаткова і тэлескопа, але яму стала сумна: ён палез у сеціва, паглыбіўся ў тэму, стаў вывучаць інфармацыю і... збіраць грошы на набыццё астранамічнай камеры, якая дазваляе атрымліваць выявы аб’ектаў Сонечнай сістэмы і глыбокага космасу. «Як толькі набыў камеру, адразу панеслася... » — смяецца Аляксей.
Вялікі плюс астрафатаграфіі ў тым, што на атрыманых здымках можна разгледзець тое, што вока чалавека не можа ўбачыць нават праз тэхніку. Паспяховыя астрафатаграфіі планет Сонечнай сістэмы, Месяца і туманнасцяў падштурхнулі яго да вывучэння тонкасцяў фатаграфавання нябесных аб’ектаў. Сёння ў яго ёсць ужо і іншыя «аксесуары» для правядзення астранамічнай фотаздымкі.
Цалкам артыкул Надзеі Нікалаевай можна прачытаць тут Звязда