З міжнародным Днём настаўніка!

05.10.2023

Дзень настаўніка – прафесійнае свята ўсіх педагогаў, выкладчыкаў, настаўнікаў і выхавацеляў. Гэты дзень закліканы прыцягнуць увагу да становішча педагогаў у сучасным грамадстве, іх ролі ў адукацыі і грамадскім развіцці.

 

ЮНЕСКА адзначае Сусветны дзень настаўніка ў гадавіну прыняцця Рэкамендацыі аб становішчы настаўнікаў, якая ўстанаўлівае правы і адказнасць настаўнікаў нараўне з міжнароднымі стандартамі іх падрыхтоўкі і далейшай адукацыі, найму і працы, умовамі выкладання і навучання. Гэты дзень служыць не толькі падставай павіншаваць настаўнікаў і адзначыць тое, як яны пераўтвараюць сферу адукацыі, але і задумацца аб тым, як аказаць ім падтрымку, неабходную для поўнага раскрыцця іх таленту і паклікання, а таксама пераасэнсаваць далейшыя шляхі развіцця прафесіі ў глабальным маштабе.

Тэма Сусветнага дня настаўніка ў 2023 годзе – «Настаўнікі для якаснай адукацыі: глабальная неабходнасць барацьбы з недахопам настаўнікаў». Галоўнае пытанне на парадку дня: як спыніць скарачэнне колькасці настаўнікаў і якія меры трэба прыняць для прыцягнення людзей у гэтую прафесію па ўсім свеце. З мэтай павышэння прэстыжу прафесіі настаўніка і дэманстрацыі яе каштоўнасці падчас мерапрыемстваў будуць прааналізаваны праблемы, паказаны метады прыцягнення, утрымання і матывавання настаўнікаў і педагогаў. Таксама будуць разгледжаны спосабы выказвання прызнання і актыўнай падтрымкі настаўнікаў у сферы адукацыі, на ўзроўні грамадства, супольнасці і сям'і.



Даведка: 5 кастрычніка 1966 года скліканая ЮНЕСКА і Міжнароднай арганізацыяй працы канферэнцыя прыняла першы міжнародны дакумент, які вызначыў умовы працы настаўніцтва, – Рэкамендацыю «Аб становішчы настаўнікаў». У ім замацоўваліся правы і абавязкі педагогаў і міжнародныя нормы, якія тычацца падрыхтоўкі настаўнікаў, павышэння іх кваліфікацыі, прыёму на працу і ўмоў працы. Афіцыйна Сусветны дзень настаўніка адзначаецца з 1994 года. Усталяванае прафесійнае свята дазваляе звярнуць увагу на поспехі ў педагагічнай працы, адзначыць заслугі лепшых спецыялістаў, а таксама акрэсліць праблемы педагогаў на нацыянальным і сусветным узроўнях.

Крыніца: ЮНЕСКА https://www.unesco.org/ru/days/teachers