Сустрэчы-дыскусіі з ініцыятыўнымі групамі ў Беларусі

07.10.2008

Міжнароднае грамадскае аб'яднанне «Грамадзянская Беларусь» з 17 па 20 лістапада 2008 гады праводзіць у Беларусі серыю сустрэч-дыскусій чэшскіх грамадскіх актывістаў з беларускімі няўрадавымі арганізацыямі, грамадскімі аб'яднаннямі альбо ініцыятыўнымі групамі.

Мэтай гэтых сустрэч з'яўляецца абмеркаванне з чэшскімі аднадумцамі ў неафіцыйным асяродку праблем, звязаных з працай Вашай арганізацыі (ініцыятыўнай групы), магчымых шляхоў вырашэння асноўных праблем/задач, якія паўстаюць перад ёй, атрыманне прафесійных кансультацый аб найбольш эфектыўнай рэалізацыі грамадскай дзейнасці вашай арганізацыі (групы). Таксама Вам падаецца магчымасць усталяваць кантакт з чэшскімі аднадумцамі і наладзіць далейшае супрацоўніцтва.

Скарыстайце магчымасць пагутарыць з вашымі чэшскімі партнёрамі непасрэдна ў вашым горадзе, падзяліцца сваім досведам грамадскай працы і даведацца аб чэшскім!

Вашымі гасцямі будуць два актывісты, дасведчаныя ў працы ў трэцім сектары, а, галоўнае, у арганізацыі і правядзенні грамадскіх кампаній.

Абодва добра знаёмыя з постсавецкай прасторай і Беларуссю ў прыватнасці. Падчас правядзення стажыровак беларускіх актывістаў у Чэхіі, яны таксама праводзяць трэнінгі па розных аспектах працы НДА. Беларускія ўдзельнікі стажыровак заўсёды пазітыўна адклікаюцца аб гэтых сустрэчах як аб вельмі практычных і карысных.

Мы прапаноўваем Вам абраць для дыскусіі тэму, найболей актуальную для Вашай арганізацыі:

* Планаванне і правядзенне грамадскіх кампаній

* Праца са СМІ

* Планаванне дзейнасці і праца з валанцёрамі, эфектыўная структура арганізацыі

* Абмеркаванне мясцовых умоў працы, запатрабаванняў горада/рэгіёна і магчымасцяў арганізацыі/групы

Час правядзення сустрэчы: у інтэрвале з 17 па 20 лістапада 2008.
Працягласць сустрэчы: паўдня або цэлы дзень, у залежнасці ад вашых магчымасцяў і часу нашага прыбыцця ў ваш горад/пасёлак

«Грамадзянская Беларусь» пакрывае ўсе выдаткі звязаныя з арганізацыяй і правядзеннем сустрэч, а таксама выдаткі, звязаныя з пражываннем, харчаваннем і пераездамі гасцей па краіне.

Мова трэнінгу: чэшская, беларуская, руская (на ўсіх сустрэчах будзе прысутнічаць перакладчык).

Ад арганізацыі, якая ўдзельнічае ў сустрэчы, будзе патрабавацца папярэдне падрыхтаваная прэзентацыя сваёй дзейнасці, інфармацыя аб праводжаных кампаніях, мерапрыемствах і г. д.
Прэзентацыя можа быць вуснай, кароткай, але павінна быць змястоўнай і падрыхтаванай.

Пажадана, каб пры сустрэчы прысутнічала як мага больш чальцоў Вашай арганізацыі. Казаць аб працы і развіцці арганізацыі толькі з адным яе прадстаўніком не то, каб не мае сэнсу, але... не мае сэнсу:)

Калі Вашу арганізацыю/ініцыятыўную групу зацікавіла магчымасць прыняць удзел у сустрэчы-дыскусіі на адну з вышэй прыведзеных тэм, запоўніце, калі ласка, фармуляр і дашліце яго нам на адрас stypendyi@seznam.cz да 10-га кастрычніка 2008 году.

Абраныя для ўдзелу ў сустрэчы арганізацыі будуць інфармаваныя аб гэтым не пазней за 20 кастрычніка 2008 гады. З імі аб дэталях правядзення сустрэчы-дыскусіі мы будзем дамаўляцца індывідуальна.