Міжнародны адукацыйны семінар

26.11.2008

Міжнародны адукацыйны семінар «Навучанне дэмакратыі ў штодзённасці»

Запрашаем школьных настаўнікаў і выкладчыкаў сацыяльна-гуманітарных дысцыплін ВНУ прыняць удзел у адукацыйным семінары «Навучанне дэмакратыі ў штодзённасці», які адбудзецца ў Мінску 12–14 снежня 2008 г. Семінар праводзіцца грамадскай арганізацыяй Studieforbundet Vuxenskolan (г. Гетеборг, Швецыя) пры арганізацыйна-метадычнай падтрымцы грамадскага аб'яднання «Адкрытае грамадства» (г. Мінск, Беларусь).
Дэмакратыя ў штодзённасці – гэта прыхільнасць людзей каштоўнасцям свабоды і адказнасці, дыялогу і паразумення, згоды і супрацоўніцтва ў сваім звычайным жыцці (у сям'і, школе, грамадскай арганізацыі, на працы, у адносінах з сябрамі, суседзямі, людзьмі іншай культуры, веры, стылю жыцця, расы і г.д.).

Праграма семінара (гл. дадатак) распрацаваная на аснове аўтарскага курсу «Дэмакратыя ў штодзённасці», які ў ліпені 2008 г. быў зацверджаны Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь у якасці Праграмы факультатыўных заняткаў для 11 класа агульнаадукацыйных устаноў з 11-гадовым тэрмінам навучання (гл. сайт Нацыянальнага інстытута адукацыі: www.adu.by )

Удзельнікі семінара атрымаюць магчымасць глыбей пазнаёміцца са зместам, уласцівага сучаснай дэмакратыі вартасна-нарматыўнага кансенсусу і з асаблівасцямі яго праявы ў паўсядзённым жыцці. Адмысловая ўвага будзе нададзена такім якасцям дэмакратычнай асобы, як самастойнасць, крытычнае мысленне, прафесіяналізм, прававое мысленне, талерантнасць, добраахвотны калектывізм, камунікабельнасць, нацэленасць на салідарнасць і супрацоўніцтва.

Праграмай семінара прадугледжана правядзенне самых разнастайных форм заняткаў. У іх ліку лекцыі-прэзентацыі, выкананне практыкаванняў, «мазгавыя штурмы», аналіз праблемных сітуацый, дыскусіі, праца ў малых групах, гульнявыя формы навучання.

Заняткі будуць праводзіць беларускія і шведскія выкладчыкі, якія маюць шматгадовы досвед працы ў сістэме фармальнай і нефармальнай грамадзянскай адукацыі. Своеасаблівасць дадзенага семінара складаецца ў тым, што на ўсім яго працягу будзе праходзіць прэзентацыя электроннай версіі новага навучальнага дапаможніка «Навучанне дэмакратыі ў штодзённасці», напісанага адмыслова для настаўнікаў гісторыі і грамадазнаўства.

Удзельнікам семінара прадстаўляецца ўнікальная магчымасць выступіць у ролі экспертаў, якія змогуць на ўласнай практыцы апрабаваць і ацаніць прапануемыя методыкі навучання. Зробленыя на семінары заўвагі і рэкамендацыі будуць улічаныя пры канчатковай дапрацоўцы друкаванай версіі. Кнігу мяркуецца выдаць у самы найблізкі час, пасля чаго яна будзе высланая ўсім удзельнікам семінара.

Акрамя таго, на базе дапаможніка «Навучанне дэмакратыі ў штодзённасці» плануецца да канца наступнага года выдаць яго другі, адаптаваны варыянт, адрасаваны непасрэдна школьнікам. Ён будзе звацца «Дэмакратыя ў штодзённасці» і напісаны ў адпаведнасці з аднайменнай Праграмай факультатыўных заняткаў.

Досвед удзельнікаў цяперашняга семінара можа спатрэбіцца пры падрыхтоўцы новай кнігі.

Рамачныя ўмовы Пры фармаванні навучальнай групы прыярытэт будзе аддадзены настаўнікам гісторыі і грамадазнаўства, выкладчыкам паліталогіі і сацыяльным педагогам.
Усе выдаткі, звязаныя з правядзеннем семінара, бяруць на сябе яго арганізатары.
Тэрмін падачы заявак (па тэл. або электроннай пошце) да 5 снежня 2008 г. (уключна).

Больш падрабязную інфармацыю аб семінары можна атрымаць у каардынатараў: Віктар Чернов Тэл: (+375 29) 164 84 89 E-Mail: infocenter@user.unibel.by Зінаіда Антонавіч Тэл: (+375 29) 390 20 11; (+375 33) 609 77 12 E-Mail: zinaida3902011@yandex.ru