ТБШ віншуе настаўнікаў

22.12.2008

Таварыства беларускай школы ладзіць калядныя рэйды па школах
Урачыстыя віншаванні з Калядамі і Новым годам ад імя Таварыства беларускай школы першымі атрымалі сёння настаўнікі беларускамоўнай сярэдняй школы №60 і гімназіі №14. Павіншаваць настаўнікаў са святамі прыехалі старшыня аганізацыі Алесь Лозка і яго намесніца Тамара Мацкевіч.
Кожная школа атрымала ў падарунак набор метадычнай, мастацкай і гістарычнай літаратуры, дыскі, беларускія сувеніры. Лепшыя настаўнікі былі асабіста ўзнагароджаныя ганаровымі дыпломамі ТБШ за ўнёсак ў развіццё беларускамоўнага навучання і адмысловымі настаўніцкімі кубкамі ад сайта Nastaunik.info. Акрамя таго, яны атрымалі падарункі ад агульнанацыянальнай кампаніі «Будзьма!»
"Ідэя каляднага віншавання ўзнікла некалькі месяцаў таму. Мы хацелі хоць крыху ўзняць настрой нашым настаўнікам, замучаным бясконцымі рэформамі і праверкамі, а таксама нагадаць, што існуюць арганізацыі, якія створаныя не для таго, каб кантраляваць настаўніка, а каб дапамагаць яму," – зазначыла Тамара Мацкевіч. Алесь Лозка дадаў, што ў бліжэйшы час плануецца наведаць усе беларускамоўныя школы і садкі Мінску.
Да фармавання падарункаў школам далучыліся грамадскае аб'яднанне «Цэнтр Супольнасьць», Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына», кампанія “Будзьма” і аб'яднанне бацькоў з Беласточчыны «АБ-БА».

На здымках:
1) Віншаванні ў гімназіі №14,
2) Лепшыя настаўнікі СШ №60 атрымліваюць падарункі
3) Да віншаванняў настаўнікаў далучыліся дзеці (Калядкі ў СШ №60)