«Птушкі на кармушцы»

08.01.2009

17—18 студзеня грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (АПБ) правядзе ў гарадах Беларусі акцыю «Птушкі на кармушцы».

Як паведаміў БелаПАН прадстаўнік АПБ Сямён Левы, асноўная мэта акцыі — нагадаць жыхарам краіны пра неабходнасць падкормліваць птушак зімой, а таксама прыцягнуць іх да вырабу кармушак для птушак.

Апрача таго, акцыя з’яўляецца часткай дзесятага нацыянальнага зімовага ўліку птушак, які праводзіцца з 10 па 31 студзеня. Беларусы, якія захочуць узяць у ёй удзел, павінны 17—18 студзеня паназіраць за птушкамі, якія прылятаюць на кармушкі, адзначыць колькасць і іх віды, прааналізаваць, чаму птушкі аддаюць перавагу тым ці іншым кармушкам.

Інфармацыю пра колькасць і відавы склад птушак прапаноўваецца высылаць на адрас каардынатара зімовага ўліку птушак — Мядзельскага раённага аддзялення АПБ або па e-mail info@ptushki.org

Паводле слоў С.Левага, на кармушкі ў гэты час года часцей за ўсё прылятаюць вялікія сініцы, звычайныя блакітніцы, палявыя і дамавыя вераб’і, іншы раз снегіры, зелянушкі, дубаносы, а ў горадзе таксама шызыя галубы, галкі і вароны. У асобныя гады на кармушках былі заўважаныя і рэдкія віды птушак — зялёны дзяцел і юрок.

Паводле БелаПАН