Аматары птушак запрашаюць на канфэрэнцыю

12.02.2009

Штогадовая справаздачная канферэнцыя Гарадзенскага абласнога аддзяленьня грамадскага аб’яднання “Ахова птушак Бацькаўшчыны” ладзіцца 21 лютага ў Гродне ў гімназіі №1.

Акрамя цікавых прэзентацый, падрыхтаваных выступоўцамі са Швецыі, Фінляндыі, Мінску, Гродна і Брэста, гасцей чакае адкрыццё фотавыставы “Нашы птушкі-2009” (на якой кожны можа не толькі прагаласаваць за найлепшыя працы, але і замовіць іх), спаборы, прэм’ера беларускага навукова-папулярнага фільма “Лёс зубра”. Вы зможаце далучыцца да сябраў АПБ, набыць усё неабходнае для вызначэння і вывучэньня птушак (між іншым, папяровы і відэа-вызначальнік на DVD на беларускай мове).

Чаму назіранні за птушкамі – адно з самых масавых хобі на Захадзе? Што рабіць, каб далучыцца да аматараў назіранняў птушак у Беларусі? Як быў звязаны заснавальнік Гарадзенскага заапарку Ян Каханоўскі з аховай птушак? Дзякуючы каму захавалася Белавеская пушча? Якім шляхам нашы птушкі ляцяць у Афрыку і якім вяртаюцца?

На ўсе гэтыя і шматлікія іншыя пытанні Вы зможаце атрымаць адказы, калі прымеце ўдзел у канферэнцыі.


Падрабязная праграма – на вэб-пляцоўцы: http://ptushki.org/news/zaprashaem_na_kanferentciyu_grodzenskaga_ablasnoga_addzyalennya/.

Паводле «Кронікі грамадзскага жыцьця Гарадзеншчыны»