Як вядома, жыццё развіваецца па спіралі, некаторыя падобныя праявы яго паўтараюцца праз пэўны перыяд. Мы цвёрда ўпэўнены ў тым, што новы віток адраджэнскага руху, які выведзе Беларусь на “пачэсны пасад між народамі”, не за гарамі.
У 1993 годзе ў першых беларускамоўных класах навучалася 76% ад усіх першакласнікаў, а ў сталічнай вобласці нават – 92,6%. Тыя, хто навучаўся тады, ужо самі становяцца бацькамі і аддаюць сваіх дзяцей у дашкольныя ўстановы з беларускай мовай навучання і выхавання, першыя беларускія класы.
Пра свой намер адкрыць новыя групы і класы заявілі праз СМІ нашы актывісты ў Менску, Гродна, Магілёве, Лідзе. У Менску прымаюць заявы не сем адукацыйных устаноў з беларускай мовай навучання. Сёлета навучанне па-беларуску вялося ў 18-ці агульнаадукацыйных установах: гімназіях № 4, 9, 14, 23, 28, гімназіі-каледжы мастацтваў, СШ № 11, 60, 68, 72, 89, 108, 131, 180, 190, 205, 209, 218. Можна прадоўжыць і лік дашкольных устаноў сталіцы, акрамя названых у СМІ, напрыклад, 533, 133 і інш.
Як паказвае досвед, поспех стварэння новых навучальных i выхаваўчых суполак у адукацыйных установах у большай ступенi залежыць ад актыўнасцi i прадпрымальнасцi зацiкаўленых бацькоў. Дык за справу!
У сваю чаргу Рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне “Таварыства беларускай школы” знойдзе магчымасць на пачатку навучальнага года маральна падтрымаць лепшых актывістаў, новыя беларускія класы і групы ў садах краіны.
Дасылайце iнфармацыю пра актывiстаў стварэння беларускiх класаў i груп у дашкольных установах на адрасы ТБШ (tbskoly@tut.by) цi тэлефануйце (8029–7520821) да 15верасня 2009 г.
Алесь Лозка,
старшыня РГА «Таварыства беларускай школы»
Створым беларускі клас
06.07.2009