Асноўная ідэя праекту – данесці моладзі каштоўнасці, адказнасць і веды, якія нясе ў сабе прафесія журналіста.
“Маладзевая акцыя мультымедыяў” базуецца на партале http://www.mammedia.org, ахоплівае Польшчу, Беларусь, Украіну і разлічаны на школьную і студэнцкую моладзь з мэтай навучыць яе праз журналісцкую дзейнасць выпрацоўваць, фармуляваць і абараняць сваю грамадскую пазіцыю, а таксама ўплываць на свет вакол сябе.
Дэвіз праекта “Маю выбар. Маю ўплыў. Маю медыі” адлюстраваны на нашым партале http://www.mammedia.org, дзе зарэгістраваныя ўдзельнікі змогуць ствараць і публікаваць уласныя газэты: партал прапануе гатовыя і разнастайныя макеты газэт, з якіх застаецца толькі абраць адпаведны, напоўніць яго зместам і публікаваць – на партале ці ў друкаванай версіі. Праект прапануе таксама ўдзел у конкурсах і семінарах, якія ладзіць разам з партнэрамі фонд “Новыя медыі”, і вучобу непасрэдна ў аўтарытэтных журналістаў, у тым ліку за мяжой. Маладыя журналісты, сябры праекту МАМ, атрымаюць не толькі парады і дапамогу ад дасведчаных калег, але і змогуць камунікаваць паміж сабой, між сваімі рэдакцыямі на форуме партала.
Партал http://www.mammedia.org прадугледжвае адмысловую дыстанцыйную школу журналістыкі – электронныя лекцыі www.еlekcyi.org, пасля заканчэння якіх удзельнік атрымае веды і сертыфікат. Для актывістаў праекта будуць ладзіцца міжнародныя летнікі і стажыроўкі.
Праект МАМ прадугледжвае супрацу з настаўніцкім асяроддзем, кіраўнікамі журналістскіх школ і гурткоў.
Партал http://www.mammedia.org праекту МАМ рыхтуе разнастайныя конкурсы з узнагародамі для лепшых. Першы конкурс для рэдакцый пачнецца ў дзень старту – 16 лістапада 2009г. Кожнай рэдакцыі прапануем абраць сваё крэда (ці дэвіз) – а пазней аўтарытэтная камісія з журналістаў і прадстаўнікоў фонду вызначыць, наколькі ён адпавядае зместу газеты (прынамсі, на прыкладзе аднога нумару выдання).
Наступны конкурс працягнецца ад 1 снежня да 15 студзеня: будзе абірацца найлепшае святочнае, каляднае выданне.
Мультымедыйны адукацыйны праект “Маладзевая акцыя мультымедыяў”
16.11.2009