Радзівілаўскія чытанні

30.12.2009

Жодзінскія школьнікі прадставілі два дзесяткі даследчых прац на Радзівілаўскіх чытаннях.
Сёлета спаўняецца 340 гадоў з дня смерці, а ў 2010 годзе будуць адзначаныя 390-ыя ўгодкі знакамітага дзяржаўнага і ваеннага дзеяча Вялікага Княства Літоўскага, мецэната і таленавітага творцы князя Багуслава Радзівіла (1620–1669). Даты не вельмі круглыя, але ўдзячныя жодзінцы арганізавалі чытанні, прысьвечаныя памяці заснавальніка іх горада. Праводзяцца яны з ініцыятывы краязнаўчага музея і называюцца “Роля роду Радзівілаў у гісторыі Беларусі”.
Гарадскі этап чытанняў праходзіў 23 снежня 2009 года ў Маладзёвым цэнтры (г.Жодзіна, пр. Міру, 20). На ім былі прадстаўлены два дзесяткі прац і даследаванняў, прызнаных самымі цікавымі ў школах і іншых навучальных установах горада.
Паліна Салівончык (СШ №8) прадставіла радавод “Я з роду Радзівілаў”, Алесь Шастаковіч (СШ №5) зачытаў рэферат “Жанчыны роду Радзівілаў”, Ксенія Ляўко і Кацярына Толкач (школа-інтэрнат) прэзентавалі даследаванне “Княгіня Марыя Магдаліна Радзівіл – беларуская патрыётка і мецэнатка”, Кацярына Мельнік (гімназія №1) зачытала эсэ “Паланэз №13 ля мінор”, Ганна Лахоўская (СШ №9) абнародвала даследаванне “Радзівілы на абшарах Вялікага княства Літоўскага”, а гісторык Міхась Краўцэвіч выступіў з паведамленнем “Радзівілаўская сімволіка ў геральдыцы”, З асаблівай і зразумелай цікавасцю былі ўспрыняты даследаванне Марыны Гардзейка (СШ №2) “Багуслаў Радзівіл”, відэа-праект Лізаветы Тарасевіч і Юліі Машковіч (СШ №6) “Знаёмства з Багуславам Радзівілам”, архітэктурны праект Паліны Сіваковай і Любові Сіліч (СШ №7) “Плошча і праект помніка Багуславу Радзівілу”, а таксама праект “Карчма-музей “У Багуслава” Насты Мартысюк, Антона Гары, Ксеніі Калеснікавай, Насты Красоўскай і Марка Грыня (гімназія №1).
Вяла імпрэзу дырэктарка краязнаўчага музея Ірына Супрановіч, а ў складзе аўтарытэтнага журы поруч з аўтарам гэтых радкоў, які спрэзентаваў у прызавы фонд тры дзесяткі кніжных тамоў, былі гісторыкі, мастацтвазнаўцы, педагогі. Мімаволі думалася, што якіх пятнаццаць-дваццаць гадоў таму ўявіць падобныя чытанні было немагчыма, бо школьнікі пісалі выключна пра савецкіх герояў, найчасцей створаных ідэолагамі-сталіністамі...
Аўдыторыя складала каля ста чалавек – пераважна вучні і навучэнцы, студэнты, настаўнікі і выкладчыкі, журналісты...
У красавіку 2010 года ў Жодзіне будзе праведзены другі, міжнародны этап чытанняў, удзел у якім возьмуць знакамітыя айчынныя і замежныя вучоныя, даследчыкі, краязнаўцы, літаратары і мастакі.
Уладзімір Сіўчыкаў,
пісьменнік і выдавец, сябра Арганізацыйнага камітэту Радзівілаўскіх чытанняў