«Адукацыя i кар'ера-2010»

27.02.2010

«Адукацыя i кар'ера-2010»
Нашых абiтурыентаў чакаюць як айчынныя, так i замежныя ВНУ
Да ўступнай кампанii яшчэ далёка, але абiтурыентам ужо варта задумацца, на карысць якой адукацыйнай установы зрабiць свой выбар. Пра ўсе асаблiвасцi сучаснай адукацыi можна даведацца на спецыялiзаванай выставе «Адукацыя i кар'ера-2010», якая праходзiць у Мiнскiм дзяржаўным палацы дзяцей i моладзi.
На выставе шырока дэманструюцца экспазiцыi вядучых унiверсiтэтаў Беларусi па ўсiх кiрунках, а таксама сярэднiх i сярэднiх спецыяльных адукацыйных устаноў. У абiтурыентаў ёсць магчымасць пагаварыць з прадстаўнiкамi той цi iншай адукацыйнай установы, даведацца пра правiлы прыёму i зрабiць свой выбар. Тым больш што адукацыйная прастора выставы не абмяжоўваецца Беларуссю. Тут прысутнiчаюць прадстаўнiкi унiверсiтэтаў Польшчы, Чэхii, Германii, Амерыкi, Балгарыi i Расii, якiя раскажуць пра магчымасцi атрымаць адукацыю за мяжой.
Выстава будзе таксама карыснай для студэнтаў i маладых навукоўцаў, якiя могуць зацiкавiцца паслядыпломнай адукацыяй, праграмамi абмену, а таксама рознымi курсамi i стажыроўкамi. У праграме «Адукацыi i кар'еры 2010» прэзентацыi, канферэнцыi, семiнары, майстар-класы.
Выстава працуе да 27 лютага ўключна.
Крыніца інфармацыі — газета «Звязда»