23 кастрычніка
У суботу адбудзецца чарговая сустрэча ў межах праекта «У пошуках штодзённасці». Па мясцінах, звязаных з людзьмі ў форме, правядзе усіх ахвотных Віктар Саяпін.
Сустрэча аб 11-й гадзіне на вуліцы Замкавай, каля Музея гісторыі рэлігіі.
Гродна быў не проста ідэалагічнай вітрынай Савецкага Саюза. Наш горад, як і ўся Беларусь, быў часткай вайсковага ўдарнага кулака краіны саветаў, скіраванага супраць НАТО. Танкісты, пяхота, артылерыя, сувязь, памежнікі – увесь горад быў напоўнены войскам у большай нават ступені, чым у часы Расійскай імперыі ці міжваеннай Польшчы.
Салдаты, прадстаўнікі ўсіх нацыянальнасцей СССР, надавалі гораду непаўторнае аблічча. Шмат хто заставаўся тут і пасля службы. Адсюль жа многія жыхары Савецкага Саюза выпраўляліся на службу ў Чэхаславакію ці ГДР.
Горад доўга памятаў і аб трагедыях па віне вайскоўцаў, напрыклад, аб гібелі некалькіх студэнтаў Гродзенскага сельгасінстытута пад танкамі ў 1964 годзе.
Але ў форме ў Гродна 1950–60-х гг. хадзілі не толькі вайскоўцы. Міліцыянеры, супрацоўнікі КДБ, пажарныя, супрацоўнікі юстыцыі і чыгуначнікі... Навучэнцы сярэдніх навучальных установаў (тады ФЗУшніка можна было паблытаць з будучым лётчыкам)... Цікавую супольнасць людзей у форме ў нашым горадзе складалі мытнікі...
Чацвёртая бясплатная экскурсія па Гродне: Людзі ў форме
19.10.2010