Падтрымайма «Бярозку»!

30.11.2010

Індэксы для падпіскі: індывідуальнай – 748 22; ведамаснай – 748 222

Дарагія сябры! Ідзе падпісная кампанія. Звяртаюся да вас са шчырай просьбай падпісацца – а, значыць, падтрымаць – адзіны беларускамоўны часопіс для падлеткаў і школьнага юнацтва “Бярозка”.

У часопіса 85-гадовая гісторыя, у снежні мінулага года “Бярозка” адзначыла свой юбілей. Колькі празаікаў, паэтаў, журналістаў, мастакоў дэбютавалі ў “Бярозцы”! Колькім пакаленням яна была сябрам!

Калісьці і мае першыя казкі былі заўважаны і надрукаваны ў гэтым часопісе – было мне тады 11 ці 12 гадоў. Друкавала “Бярозка” і мае малюнкі. А ў “Першых сцяжынках” – радыёперадачы, якую вёў Мікола Чарняўскі, таксама гучала надрукаванае ў “Бярозцы”.

Таму, калі ўлетку 2009 года мне прапанавалі ўзначаліць часопіс, пачуццё абавязку да гэтага выдання не дазволіла адмовіцца.

Дэвіз сучаснай “Бярозкі” — “Для тых, хто хоча разабрацца ў гісторыі, сучаснасці, сабе!”

Часопіс застаецца верны адной з галоўных сваіх традыцый – мы шукаем і даём магчымасць юным талентам выступіць у рубрыцы “Верасок”. Новыя літаратурныя творы сучасных аўтараў, легендарныя постаці з гісторыі беларускай літаратуры, вандроўкі па Беларусі, беларускія песні з акордамі, інтэлектуальны клуб, кансультацыі псіхолага, майстар-класы па вырабу адзення з элементамі традыцыйнай нацыянальнай аздобы, захапляльныя расповеды пра беларускую міфалогію, сцэнарыі беларускіх святаў, вернісажы і шмат-шмат іншага – эксклюзіўнага, цікавага, незабыўнага – на старонках часопіса.

А, перад усім, цудоўная беларуская мова твораў, якая дапаможа навучацца размаўляць і думаць па-беларуску і дзецям, і дарослым. Рэдакцыя стараецца рабіць часопіс, цікавы дзецям і, адначасова, карысны для настаўнікаў.

Дызайн часопіса робіць Руслан Найдзен – дызайнер, чые работы захоўваюцца ў музеях Парыжа і Нью-Ёрка. Літаратурны рэдактар – Арцём Кавалеўскі, публіцыстыку вядзе Галіна Пшонік.

Выходзіць часопіс адзін раз на два месяцы, цана падпіскі на паўгоддзе – 9600 бел. руб.

Каб пасля не гараваць, што ўсё беларускае страчана, падтрымайце сёння тое, што маем! Падарыце сваім дзецям, унукам, пляменнікам падпіску на “Бярозку”! Не перарвіце пераемнасць традыцый!

Са спадзяваннем на супрацоўніцтва і падтрымку,
Алена Масла, галоўны рэдактар