Студэнтаў па ўсёй краіне прымушаюць галасаваць датэрмінова. Што рабіць?

14.12.2010

Звыклая сытуацыя напярэдадні выбараў паўтараецца ў Беларусі і гэтым разам. Кіраўніцтва ўнівэрсытэтаў, старасты і супрацоўнікі інтэрнатаў прымушаюць студэнтаў датэрмінова прагаласаваць на прэзыдэнцкіх выбарах. Тлумачаць гэта небаходнасьцю «захаваць фінансаваньне ўнівэрсытэту» альбо проста пагражаюць высяленьнем зь інтэрнатаў. Што рабіць у выпадках такога прымусу?

«Калі ўсе, хто жыве ў інтэрнаце, прагаласуюць датэрмінова, у суботу зробім выходны і ўсіх адпусьцім дадому», — з такім заклікам зьвярнулася кіраўніцтва Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўнівэрсытэту да іншагароднім студэнтаў. — «Прычым, расклад галасаваньня групаў агаворваецца загадзя», — паведаміў незалежным назіральнікам студэнт БНТУ Алег.
Паводле дадзеных праекту electby.org, а таксама кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» ва ўнівэрсытэтах па ўсёй краіне студэнтаў змушаюць да датэрміновага галасаваньня. Паведамленьні аб гэтым прыходзяць зь Берасьцейскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, Інстытуту культуры, БДСГА, Беларуска-Расейскага ўнівэрсытэту, Баранавіцкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, БДУІР, Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, БДПУ, Беларускага дзяржаўнага мэдыцынскага ўнівэрсытэту, Берасьцейскага тэхнічнага ўнівэрсытэту.



Мапа Менска з паведамленьнямі аб парушэньнях на выбарах. Праект electby.org

Звычайна, па словах студэнтаў, за адмову ад датэрміновага галасаваньня ім пагражаюць «праблемамі». А матывуюць тым, што фінансаваньне ўнівэрсытэту быццам бы залежыць ад вынікаў галасаваньня». Многім у впадку ранейшага галасаваньня абяцаюць тыднёвыя адпачынкі, нягледзячы на хуткую сэсію.

«У якасьці пагрозы абяцаюць праблемы з наступным засяленьнем у інтэрнат. Кожны павінен засьведчыць дэкану, што ён прагаласаваў. Пасьля гэтага студэнта на тыдзень адпраўляюць дамоў, нягледзячы на пачатак сэсіі», — такое паведамленьне атрымала кампанія «Праваабаронцы за свабодныя выбары» ад студэнта БДУІР Алеся.

У Гомельскім дзяржаўным унівэрсытэце пайшлі крэатыўнейшым шляхам і вырашылі абвесьціць выходны ў суботу 18 сьнежня перад днём галасаваньня: «Каб студэнты змаглі прагаласаваць датэрмінова», — патлумачыў рэктар ВНУ.
А вось погляд зь іншага боку барыкадаў:

«Я працую ў БДПУ імя Максыма Танка выкладчыкам і куратарам. Мне трэба пракантраляваць пэўных іншагародніх студэнтаў, каб яны прагаласавалі 14 і 15 сьнежня. […] Я падыходзіла да гэтых студэнтаў, цікавілася, калі яны пойдуць галасаваць. Студэнты матываваныя на пазьбяганьне праблемаў і, хутчэй, будуць галасаваць у гэтыя дні», — піша Вольга.
ШТО РАБІЦЬ, КАЛІ ПРЫМУШАЮЦЬ ГАЛАСАВАЦЬ?

Незалежныя назіральнікі лічаць, што падчас датэрміновага галасаваньня адбываюцца значныя фальсыфікацыі. Яны падкрэсьліваюць, што «Згодна зь дзеючым выбарчым заканадаўствам, удзел у выбарах носіць добраахвотны характар і ніхто ня мае права прымушаць грамадзянаў да ўдзелу ці няўдзелу ў выбарах. Прымус да ўдзелу ў датэрміновым галасаваньні з’яўляецца грубым парушэньнем дзеючага заканадаўства і цягне за сабой ўстаноўленую законам адказнасьць для асобаў, якія ажыцьцяўляюць такі прымус».

Паведамленьні пра любыя выпадкі прымусу да датэрміновага галасаваньня праваабаронцы заклікаюць дасылаць ім на электронную пошту 2010prymus @ gmail.com. На гэту ж адрэсу можна дасылаць відэа і фота сьведчаньні супрацьпраўных дзеяньняў, зьвязаных з датэрміновым галасаваньнем.

Праект electby.org таксама заклікае паведамляць аб усіх парушэньнях выбарчага заканадаўства. Адправіць паведамленьне на electby можна праз форму на сайце, e-mail electbyorg@gmail.com, SMS на нумар у Літве +37065279366 ці праз Twitter-допіс з хэш-тэгам #electby.

Датэрміновае галасаваньне на выбарах прэзыдэнта Беларусі пачалося сёньня, 14 сьнежня. Па дадзеных уладаў, цяпер у Беларусі 7 094 614 выбаршчыкаў.

Андрэй Сьмятаньнікаў, generation.by