Вечная памяць: Таццяна Сапач

28.12.2010

26.08.1962 -  28.12.2010

Загінула легендарная паэтка, журналістка, перакладчыца Таццяна Сапач.
Яе голас вы чулі ў Начной чытанцы.

З мужам Сяргеем Дубаўцом яны трапілі ў аўтакатастрофу. Аварыя здарылася на тэрыторыі Літвы, пад Алітусам уначы на 28 снежня. Сям’я вярталася ад дачкі, якая нядаўна нарадзіла ім унучку. Сяргей Дубавец трапіў у шпіталь, Таццяна загінула.

Яна нарадзілася 26 жніўня 1962 году ў вёсцы Маркава (Маладэчанскі раён). На бацькаўшчыне ў яе засталіся сваякі.

Яна была рэдактаркай і аўтаркай праграмы «Віленскі сшытак» на Літоўскай нацыянальнай тэлевізіі (з 1991). Разам з Дубаўцом яны супрацоўнічалі з радыё «Свабода».

У 1992 годзе выйшаў яе зборнік паэзіі «Восень». У 2008 — «Няхай не пакіне нас восень». Тоненькі сшытак «Восень» зрабіў Таццяну ўлюбёнкай аматараў паэзіі. Яе вершы ператварыліся ў песні гурту «Новае неба».

Ад часу паступлення ва ўніверсітэт Таццяна Сапач далучылася за руху за незалежнасць. Была ўдзельніцай першых падпольных незалежніцкіх студэнцкіх гурткоў. Там і пазнаёмілася з Сяргеем. Гэта была гісторыя вялікага кахання на фоне вялікай гісторыі.

Разам яны пераехалі ў Вільню, каб аднавіць віленскі беларускі асяродак. Сапач была адной з аўтарак эпахальнай «Нашай Нівы» пачатку 90-х.