Лявон Баршчэўскі: Кодэкс аб адукацыі – бюракратычная задума

26.01.2011

Новы кодэкс аб адукацыі не вырашыць праблем у гэтай сферы, а толькі ўскладніць сітуацыю. Пра гэта Радыё Рацыя заявіў Лявон Баршчэўскі, каментуючы выказванне міністра адукацыі Сяргея Маскевіча.

На думку міністра, новы дакумент, пакліканы ўпарадкаваць адносіны ў адукацыйнай сферы. Аднак Лявон Баршчэўскі мае іншую думку:

- Праблема вызвалення ад заняткаў, праблема навучання самастойнага, індывідуальнага навучання, усё гэта зафармалізоўваецца, тое, чаго не было ў ранейшых нарматыўных дакументах. Новы кодекс аб адукацыі гэта чарговая бюракратычная задума, бо рэгламентацыя ў творчай сферы прыводзіць толькі да «валу» – бюракратычнага кому пісання папер, даведак, справаздач, і гэты кодэкс адукацыі будзе толькі дадатковай нагрузкай на людзей, у тым ліку і на чыноўнікаў ад адукацыі.

Лявон Баршчэўскі мяркуе, што новы Кодэкс аб адукацыі можа стварыць дадатковыя праблемы, бо рэгламентуе тое, што ў ранейшых дакументах не было прапісана.

Міністр адукацыі Сяргей Маcкевіч аднак лічыць, што Кодэкс аб адукацыі стварыў асобнае адукацыйнае права.

- З’явіўся адзін цэласны дакумент, такіх прыкладаў больш у свеце няма, каб усё, што звязана з рэгуляваннем адносін у сферы адукацыі было аб’яднана ў выглядзе аднаго дакумента. Такім чынам, як некаторыя кажуць, у нас з’явілася адукацыйнае права, асобная самастойная галіна. Згодна з Кодэксам і ў цэлым сёння сістэма адукацыі накіравана на павелічэння якасці адукацыі і эфектыўнасці дзейнасці на ўсіх узроўнях.

Кодэкс аб адукацыі 13-га студзеня падпісаў Аляксандр Лукашэнка. Плануецца, што ён уступіць у сілу з 1-га верасня 2011 году.

Радыё Рацыя