Цынічнае выдаленне са школы «нязручнай» талькаўскай настаўніцы здзівіла і абурыла яе вучняў, бацькоў і калег. Сёння ў Наталлі Ільініч апошні працоўны дзень і галоўнае, што яе пераймае – хто выкладзе вучням астатні праграмны змест?..
Ці ўсведамляе прышлая дырэктарка Н.Меркуль кошт даверу і павагі месцічаў да сваёй настаўніцы? Ці надае яна права голасу старшыні прафкаму і старэйшыне вёскі Талька? Ці гатовая яна пачуць меркаванні трыццаці з гакам падпісантаў лістоў у падтрымку Наталлі Ільініч?
Наталля Валянцінаўна ведае сваё працу і робіць яе якасна. Пад яе кіраўніцтвам каманды з нашай школы ўдзельнічалі і вярталіся з перамогай з конкурсаў рэспубліканскага ўзроўню.
Наталля Валянцінаўна змагла выгадаваць у нас пачуццё патрыятызму дзякуючы заняткам па краязнаўству. На раённых алімпіядах па грамадазнаўчых прадметах прадстаўнікі нашай школы заўсёды знаходзіліся ў 10 лепшых.
Я ўдзячна гэтаму чалавеку, паколькі атрымала ад яго шмат ведаў.
Адна з нямнігіх настаўнікаў, якая сапраўды магла чамусьці навучыць. Меркуль Н.В., не ведаю вас асабіста, але вам павінна быць сорамна. Інакш, як подласцю, я не магу гэта назваць.
Са сведчання нашых дзяцей, яна даходліва тлумачыць свой прадмет, дзеці засвойваюць яго на ўроку. Настаўніца патрабавальная, справядлівая, паважае ў дзіцяці асобу, імкнецца развіць здольнасці нашых дзяцей.
Наталля Валянцінаўна праводзіць краязнаўчую працу: кіруе школьным музеем, гуртком, арганізуе паходы па нашым краі, экскурсіі, паездкі ў тэатр. Дзякуючы гэтай працы талькаўскія жыхары маюць кнігу «Талька і наваколлі".
Сямёра яе вучняў паступілі ва ўніверсітэты на гістарычныя спецыяльнасці і звязалі сваю будучую прафесію з прадметам, які выкладала ім Ільініч Н.В.
Мы, бацькі, пераканаўча просім не прымаць такога рашэння. Наталля Валянцінаўна зарэкамендавала сябе як граматны настаўнік, добры класны кіраўнік, які любіць сваю справу і сваіх вучняў. Яна адказна ставіцца да сваёй працы і займаецца з дзецьмі грамадскай працай. Наталля Валянцінаўна – добры настаўнік са стажам, яна ведае і любіць свой прадмет і ўмее данесці тэму ўрока да кожнага свайго вучня.
- Мы лічым, што рашэнне аб звальненні Наталлі Валянцінаўны Ільініч было прынята паспешліва. Мы просім аб пераглядзе гэтага рашэння з улікам усіх абставін. Наталля Валянцінаўна, як добры спецыяліст, мае права на працяг сваёй працы ў школе
- Мы просім патрабуем, каб Ільініч Н.В. засталася працаваць настаўніцай Талькаўскай школы.
- Мы, усе бацькі, спадзяемся на станоўчае рашэнне гэтага пытання, і вельмі будзем радыя бачыць гэтую настаўніцу ў сценах нашай школы.
- Прафсаюзны камітэт УА “Талькаўская дязржаўная агульнаадукацыйная сярэдняя школа” звяртаецца да Вас з просьбай аб працягу працоўных дачыненняў з настаўнікам гісторыі Ільініч Н.В. на 1 год.
Падтрымаць Настаўніка
27.01.2011