У Пухавіцкім раёне для Наталлі Ільініч працы няма

07.02.2011

На жаль, спадзяванні на тое, што Наталлю Ільініч адновяць на працы альбо прапануюць месца настаўніцы ў іншай школе Пухавіцкага раёна, не спраўдзіліся. На мінулым тыдні Наталля Ільініч атрымала з раённага аддзела адукацыі адказ на сваю заяву, у якой прасіла дапамагчы ёй з працаўладкаваннем.

Цынізм сітуацыі ўражвае.

“Нанимателем педагогов в учреждениях образования являются руководители учреждений образования, — гаворыцца ў адказе, які падпісаны загадчыкам РАА Таццянай Чарнышовай. — По состоянию на 1 февраля 2011 г.сведения о вакансиях учителей истории в учреждениях образования Пуховичского района в отдел образования не поступали”.

Зараз застаецца толькі чакаць адказу міністра адукацыі Сяргея Маскевіча, да якога Наталля Ільініч таксама звярнулася з просьбай аб працаўладкаванні. Можа, ён абароніць правы высокапрафесійнага настаўніка, якіх так бракуе Беларусі нават па афіцыйных ацэнках?

Як пісала “Народная Воля”, з настаўніцай гісторыі Наталляй Ільініч дырэктар Талькаўскай сярэдняй школы Наталля Меркуль, прызначаная на пасаду толькі 1 верасня 2010 года, не працягнула працоўны кантракт пасярэдзіне навучальнага года. Як лічыць Наталля, з прычыны яе грамадзянскай пазіцыі — на мінулых прэзідэнцкіх выбарах Ільініч збірала подпісы за кандыдатаў у прэзідэнты Кастусёва і Міхалевіча. А ў мінулым годзе, калі Наталлі начальнік Мінскага абласнога ўпраўлення адукацыі Таіса Данілевіч ультыматыўна прапанавала – альбо праца ў школе, альбо членства ў партыі БНФ, яна заняла прынцыповую пазіцыю і з партыі не выйшла. Болей за тое, яна звярнулася ў пракуратуру з просьбай правесці пракурорскую праверку таго, што адбылося ў кабінеце Данілевіч. І тады свае правы Наталля адстаяла. Пракуратура прызнала, што ніякіх законаў настаўніца з Талькі не парушыла, а былы дырэктар Талькаўскай школы Данута Багдзевіч падоўжыла з ею працоўны кантракт. Але чамусьці толькі на год…

З 27 студзеня Наталля Ільініч беспрацоўная. Былыя вучні і калегі настаўницы, бацькі дзяцей, у якіх яна выкладала гісторыю, пісалі лісты спадарыні Меркуль з просьбай не звальняць з працы такога педагога як Ільініч. Лісты падтрымкі ішлі ад былых аднакурснікаў Ільініч, выкладчыкаў мінскага педуніверсітэта. Але, відаць, у раённага начальства свой погляд на падбор кадраў, на тое, хто мусіць вучыць нашых дзяцей

Марыя Эйсмант, Народная Воля