Фотапраект «Беларуская школа ў Вільні"

11.02.2011

Шаноўныя сябры, прапануем вашай увазе фотапраект, прысвечаны беларускай школе імя Ф.Скарыны ў Вільні. Праект падрыхтаваны студэнткамі 3-га курса праграмы «Масавыя камунікацыі і журналістыка» Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта Валерыяй Бандарэнка і Ганнай Падвіцкай.

Відэа (12 хвілін) 




Аб тым, як узнікла ідэя стварэння праекту і адбывалася рэалізацыя, у інтэрв’ю Belintellectuals.eu распавядае Валерыя Бандарэнка:

- Мы рабілі гэты праект у межах выніковага задання па курсу «Практыка фатаграфіі", які выкладае Андрэй Лянкевіч. Ідэя зрабіць фотарэпартаж менавіта з беларускай школы імя Ф.Скарыны ўзнікла амаль адразу. Падалося вельмі цікавым і карысным паказаць, чым і як жыве беларуская школа ў Вільні, распавесці пра яе вучняў, настаўнікаў. На свае вочы ўбачыць адзін звычайны школьны дзень у не зусім звычайнай школе.

Мы нікога не папярэджвалі, што прыедзем фатаграфаваць. Дырэктар, спадарыня Галіна, сустрэла нас вельмі ветліва, расказала пра гісторыю школы і яе сучаснае жыццё. Шмат размаўлялі аб праблемах развіцця роднай мовы. Што тычыцца настаўнікаў і вучняў, ніхто не быў супраць, каб іх фатаграфавалі. Наадварот, калі даведваліся, што мы студэнткі ЕГУ і рыхтуем праект пра іх школу, да нас ставіліся з павагай, дапамагалі. Ад школы засталіся толькі цудоўныя ўражанні. Падалося, што гэта маленькая сям’я, са сваімі традыцыямі і ладам жыцця.

Валерыя Бандарэнка, Ганна Падвіцкая, belintellectuals.eu